Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінуў у бок АМАПу кветку. У Менску за ўдзел у пратэстах пачалі судзіць мастака


Аляксандар Нурдзінаў размаўляе з адвакатам
Аляксандар Нурдзінаў размаўляе з адвакатам

Аляксандар Нурдзінаў хадзіў на акцыю да стэлы 9 жніўня і каля «Рыгі» 10 жніўня. Яму пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Жыхара Менску Аляксандра Нурдзінава судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і 293 (удзел у масавых беспарадках). Па вэрсіі абвінавачваньня, Нурдзінаў актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 9 і 10 жніўня ў Менску. Затрымалі яго ў канцы кастрычніка. З таго часу Нурдзінаў знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

«Сарваў расьліннасьць з клюмбы»

Абвінавачваньне прадстаўляе пракурор Велікаў. На пачатку працэсу ён паведаміў, што абвінавачаны Нурдзінаў удзельнічаў у пратэстах «з мэтай вядзеньня дэструктыўнай дзейнасьці». Таксама пракурор сьцьвярджае, што абвінавачаны дзейнічаў у змове зь іншымі ўдзельнікамі пратэстаў, «публічна выкрыкваў лёзунгі», «пляскаў рукамі» і «мэтанакіравана перашкаджаў руху транспарту».

Паводле абвінаваўцы, усё гэта адбывалася на ўчастку праспэкта Пераможцаў ад стэлы да «Галерэі Менск».

«Абвінавачаны Нурдзінаў аказваў яўнае непадпарадкаваньне супрацоўнікам праваахоўных органаў, — заявіў на судзе пракурор. — Сарваў расьліннасьць з клюмбы і дэманстратыўна кінуў яе ў прадстаўнікоў улады».

Пратэсты на праспэкце Пераможцаў 9 жніўня 2020
Пратэсты на праспэкце Пераможцаў 9 жніўня 2020

Таксама, па вэрсіі дзяржаўнага абвінавачваньня, Аляксандар Нурдзінаў у ноч з 10 на 11 жніўня ўдзельнічаў у пратэстах на вуліцы Сурганава ў раёне ўнівэрсама «Рыга», дзе будаваў барыкады, зьнішчаў маёмасьць, рыхтаваў зброю і наносіў траўмы супрацоўнікам міліцыі. А таксама кідком каменя пашкодзіў «дакладна ня вызначаны спэцыяльны транспартны сродак». Таксама, паводле матэрыялаў справы, дзеяньні Нурдзінава сталі прычынай спыненьня шэрагу аўтобусных і тралейбусных маршрутаў, што прычыніла «Менсктрансу» шкоду памерам 27 958 рублёў 50 капеек.

«Чалавека быццам рэзалі жывым»

«Я сваёй віны не прызнаю, — заявіў Аляксандар Нурдзінаў суду, калі яму далі слова. — 9 жніўня, калі стала вядома, што вынікі выбараў абвесьцяць толькі раніцай 10-га, я падумаў, што ніякага мітынгу пратэсту ня будзе. Вырашыў схадзіць у краму, дарогай каля стэлы (Нурдзінаў жыве ў Менску на вуліцы Харужай, крама разьмяшчаецца ў „Галерэі Менск“. У краме я хацеў набыць фарбы, яны патрэбныя мне для маляваньня. Калі ішоў ля стэлы, то пабачыў вялікую колькасьць людзей, там жа побач стаялі аўтазакі. Ля аднаго зь іх я пачуў вельмі гучны крык чалавека. Ён даносіўся з самога аўтазака. Гук быў вельмі моцны, як быццам чалавека там рэзалі жывым. У гэты момант я вырашыў таксама далучыцца да пратэстоўцаў».

Пратэсты 9 жніўня
Пратэсты 9 жніўня

Аляксандар Нурдзінаў скончыў мастацкую вучэльню, займаўся афармленьнем сувэніраў і ілюстрацыямі. Ён пацьвярджае, што нейкі час ішоў з пратэстоўцамі па праезнай частцы. Аднак настойвае, што ніякага руху там на той момант ужо не было. Кажа, што стаў сьведкам таго, як амапаўцы білі дэманстрантаў і нават выпадковых мінакоў, у тым ліку жанчын. Па яго словах, у нейкі момант у бок удзельнікаў пратэстаў паляцелі сьвятлашумавыя гранаты, адна зь іх трапіла яму пад ногі.

«Адзін з амапаўцаў падбег да нас і ўдарыў жанчыну па галаве дубінкай, — расказаў Аляксандар Нурдзінаў у залі суду. — З гэтага моманту абстаноўка стала агрэсіўнай. Калі пад маімі нагамі выбухнула граната, я на нейкі момант асьлеп, мне апякло ногі. Я ў гэты момант ашалеў. Сарваў кветку з клюмбы і кінуў у бок АМАПу. Але не дакінуў».

«Хадзіў паглядзець людзям у вочы»

Нурдзінаў таксама прызнае, што быў у ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне ўнівэрсама «Рыга», бачыў там барыкады і сутычкі пратэстоўцаў зь міліцыяй. Аднак адмаўляе, што ўдзельнічаў у іх і што сам будаваў барыкады на праезнай частцы.

«Я барыкады не будаваў, ніводнага каменя туды не паклаў, — сказаў мастак у судзе. — Калі б у вас былі доказы гэтага, вы б мне іх прынесьлі ў першы ж дзень. Я ўцёк адтуль пасьля першага штурму, калі вадамёт разбурыў барыкады. Сядзеў паўтары гадзіны ў дварах, перачакаў там. Потым пайшоў дадому, праходзіў каля таго ж месца. Там зноў пачаліся сутычкі, было шмат АМАПу, барыкады зноў узьніклі. У нейкі момант АМАП пабег на нас, я замахнуўся ў іх бок рукой, зымітаваў кідок. У мяне нічога не было ў руках. Вакол было шмат дзяўчат, я хацеў такім чынам спыніць АМАП, каб дзяўчаты маглі ўцячы».

Пратэсты 10 жніўня ў Менску
Пратэсты 10 жніўня ў Менску

Нурдзінаў таксама расказаў, што вярнуўся дадому паміж 3 і 4 гадзінай ночы 12 жніўня. У пратэстах працягваў удзельнічаць і далей — хадзіў на мірныя акцыі ў жніўні і верасьні. Да адказнасьці за ўдзел у іх яго ніхто не прыцягваў.

«Я хадзіў паглядзець, ці сапраўды людзі ідэйна выходзяць на акцыі пратэсту, — сказаў мастак пракурору падчас допыту. — Хацеў паглядзець людзям у вочы. Гэта ў нас яшчэ не забаронена. А 75% з таго, што вы расказалі тут аб пратэстах, я сам ня бачыў. Затое бачыў, як АМАП б’е людзей».

Па словах пракурора, падчас першых допытаў Нурдзінаў прызнаваў, што ў ноч з 10 на 11 жніўня кінуў у бок АМАПу камень. У судзе ён зачытаў адпаведныя паказаньні абвінавачанага.

«У РУУС я падпісваў усё, што мне давалі на подпіс, — адказаў на гэта абвінавачаны. — Я думаў, што мне канец. Што мяне павесяць у лесе. На мяне аказвалі ціск, прыйшлося зьмірыцца. Мяне 4 разы дапытвалі без адваката. Супярэчнасьці ў маіх паказаньнях можна патлумачыць страхам».

Працэс працягнецца. Частка 2 артыкула 293 (удзел у масавых беспарадках), паводле якой абвінавачваюць мастака Нурдзінава, прадугледжвае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG