Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп і Марына Адамовіч параілі, як зьвязацца з палітвязьнямі, калі блякуюць перапіску


Вязень Максім Вінярскі, якога днямі затрымалі ў крымінальнай справе аб пратэстах супраць Лукашэнкі. Архіўнае фота
Вязень Максім Вінярскі, якога днямі затрымалі ў крымінальнай справе аб пратэстах супраць Лукашэнкі. Архіўнае фота

Былая палітзьняволеная Ірына Халіп і жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч падзяліліся досьведам, як можна перадаць вестку палітвязьню ва ўмовах інфармацыйнай блякады.

Апошнім часам лісты і тэлеграмы палітвязьням або не даходзяць зусім, або зь вялікім спазьненьнем. З гэтым сутыкаліся шматлікія сваякі і сябры зьняволеных апанэнтаў Лукашэнкі. Гэта такі мэтад ціску, перакананая адна са зьняволеных і асуджаных за Плошчу-2010 Ірына Халіп.

«Лісты палітвязьням часта не даходзяць. Сукамэрнікі атрымліваюць, а табе нічога не прыносяць. Але выйсьце ёсьць. Могуць не перадаць тэлеграму, забараніць перадачу ці не пусьціць адваката. Але грашовыя пераводы — адзінае, што заўсёды дойдзе. І вертухай абавязкова суне ў кармушку квітанцыю, на якой зьняволены павінен расьпісацца. На той квітанцыі ёсьць прозьвішча адпраўніка. І вязень дакладна атрымае ад вас гэтае прывітаньне», — напісала сваю параду Ірына Халіп.

Яна памятае, як сама пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў-2010 сядзела ў СІЗА КДБ бязьз вестачкі з волі. І ўсё памянялася, калі прынесьлі першую квітанцыю, адпраўленую Максімам Вінярскім. Значыць, усё ў парадку: памятаюць, змагаюцца за вызваленьне.

Цяпер за кратамі ўжо сам Максім Вінярскі. Ірына Халіп ня ўпэўненая, што да яго дойдуць лісты, але грашовыя пераводы — павінны. Таму заклікае адпраўляць палітвязьням 5 ці 10 рублёў. Галоўнае — прозьвішча адпраўніка ў квітанцыі.

Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Міколы Статкевіча, таксама просіць ня толькі пісаць зьняволеным, а і рабіць ім грашовыя пераводы.

«Калі хочаце зрабіць перадачу, абавязкова зьвяжыцеся са сваякамі і ўзгадніце мэтазгоднасьць — колькасьць і вага абмежаваныя. А вось бандэролі дасылайце сьмела (гэта тычыцца падсьледных і тых, у каго прысуд не ўступіў у сілу). Або рабіце грашовыя пераводы ў СІЗА. Іх можа быць колькі заўгодна. Пытаньне толькі ў тым, колькі яны могуць скарыстаць, бо ёсьць нормы — ад 10 базавых на месяц да адной. У любым выпадку ўсё застанецца на рахунку», — дзеліцца досьведам кантакту з пэнітэнцыярнай сыстэмай жонка палітвязьня Міколы Статкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG