Юрыста заснаванага Аляксеем Навальным Фонду барацьбы з карупцыяй, беларуса Ўладлена Лася ўчора невядомыя вывезьлі на мяжу зь Беларусьсю. Пасьля гэтага, паводле яго, ён даехаў да аэрапорту і пакінуў краіну. Падрабязнасьці ён расказаў у сваім відэазвароце, паведамляе TUT.BY.
Уладлена Лася затрымалі ў чацьвер у Маскве, уручылі яму апавяшчэньне аб неабходнасьці пакінуць Расею да 25 студзеня і забаранілі ўезд у РФ да 27 лістапада 2023 году. Потым склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўніку паліцыі і арыштавалі на тры дні. Пасьля адбыцьця арышту Лася зноў затрымалі, і ніхто не мог яго знайсьці. Калегі нават вырашылі падаваць заяву аб выкраданьні чалавека.
Але сёньня ўвечары Ўладлен Лось выступіў зь відэазваротам, у якім расказаў, што зь ім адбылося за гэтыя суткі.
Паводле Лася, яго затрымалі невядомыя людзі ў цывільным, закавалі ў кайданкі, надзелі мяшок на галаву, пагрузілі ў бусік і каля 10 гадзін везьлі ў бок беларускай мяжы. Ён расказвае, што пасьля паўночы яму сказалі, што ён парушыў тэрмін выезду з Расеі да 25 студзеня і таму яму забаронены ўезд у РФ на працягу пяці гадоў.
Лось меркаваў, што яго могуць затрымаць беларускія сілавікі, але гэтага не адбылося. Паводле яго, яны «суправадзілі» яго да аэрапорту, і ён пакінуў Беларусь. Цяпер Уладлен Лось у бясьпечным месцы.