У судзе Ваўкавыскага раёну 20 студзеня пачалі разглядаць справу былога дырэктара камбікормавага заводу і мясцовага дэпутата Георгія Дзядзюшкі, які адмовіўся зьбіраць подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Яго вінавацяць у тым, што атрымаў хабар. Мужчыну пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Абвінавачаньне: атрымаў больш за 20 тысяч рублёў хабару за паўгода
Георгію Дзядзюшку 52 гады. Ён працаваў дырэктарам камбікормавага заводу ў пасёлку Рось Ваўкавыскага раёну, філіяле агракамбінату «Скідзельскі». Стаж на заводзе — 16 гадоў. Яго двойчы выбіралі ў мясцовыя дэпутаты. У сям’і Дзядзюшак шасьцёра дзяцей, малодшаму 1 год, старэйшаму нядаўна споўнілася 18.
Дзядзюшку затрымалі 24 верасьня. У той дзень да яго на працу прыйшоў заснавальнік ТАА «Збожжавыя традыцыі» з Асіповічаў Арцём Елізаранка і пакінуў паперы, паміж імі былі 3300 рублёў. Адразу за Елізаранкам зайшлі людзі ў цывільным і затрымалі дырэктара. Елізаранка, які даваў хабар, потым напісаў яўку з павіннай. Ён праходзіць па справе сьведкам.
Справу разглядае судзьдзя Леанард Дзіўнель.
Згодна зь дзяржаўным абвінавачаньнем, усяго
Дзядзюшка атрымаў ня менш за 20 100 рублёў ад «Збожжавых традыцый» з сакавіка па верасень 2020 году.
Штомесяц Елізаранка прыяжджаў з Асіповічаў і пакідаў дырэктару камбікормавага заводу ў файле паміж аркушамі паперы грошы: звычайна па 4 тысячы рублёў, толькі першы раз — 800, і ў апошні — 3300. Дзеля гэтага яны сустракаліся то на аўтазапраўцы, то ў працоўным кабінэце Дзядзюшкі.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэта была ўзнагарода за працяг далейшага супрацоўніцтва паміж арганізацыямі, выраб і адгрузку камбікармоў «Збожжавым традыцыям» у патрэбныя тэрміны. Да таго ж продаж камбікармоў адбываўся нават безь перадаплаты, хоць на заводзе так не прынята.
Георгі Дзядзюшка сваёй віны ў судзе не прызнаў. Ён адмовіўся даваць паказаньні першым, а пажадаў, каб яго дапыталі пасьля допыту ўсіх удзельнікаў і зачытваньня пісьмовых матэрыялаў справы.
Давальнік хабару: «Георгі Мікалаевіч намякаў мне неяк на тое, што трэба дзяліцца»
27-гадовы Арцём Елізаранка, які быў заснавальнікам «Збожжавых традыцый», расказаў, што ў 2019-2020 гадах ім з роскага заводу было вельмі шмат паставак камбікорму. «Збожжавыя традыцыі» пастаўлялі роскаму заводу зерне, часта гэта рабілі праз узаемазалік, гэта значыць збожжа за камбікорм.
Летась у лютым Елізаранка ўпершыню ўбачыўся зь Дзядзюшкам.
«Георгі Мікалаевіч намякаў мне неяк на тое, што трэба дзяліцца, напэўна. Зайшла размова, што наша арганізацыя будзе купляць машыну. Ён сказаў, што трэба дзяліцца, тады праца будзе працягвацца. Гэта, напэўна, была ўмова», — расказвае Елізаранка.
Ён 2-3 дні ня мог дазваніцца да Дзядзюшкі, вырашыў, што той на яго пакрыўдзіўся і што «пакуль ня будзе ўзнагароджаньня, ня будзе і камбікорму».
Елізаранка зь Дзядзюшкам паўторна дамовіліся сустрэцца летась у сакавіку на аўтазапраўцы на ўезьдзе ў Ваўкавыск. Елізаранка сеў у машыну да Дзядзюшкі і паклаў яму ў «бардачок» файл з двума аркушыкамі паперы са словамі «Вось даверанасьць, Георгі Мікалаевіч». Паміж імі было 800 рублёў. Дзядзюшка не адкрываў файл, пра грошы гаворкі не было. Калі абмеркавалі службовыя пытаньні, разьехаліся. Пасьля гэтага аб’ёмы паставак камбікорму «Збожжавым традыцыям» павялічыліся.
Падобнае, па словах Елізаранкі, паўтарался пазьней у працоўным кабінэце Дзядзюшкі. Елізаранка прыяжджаў, Дзядзюшка праз тэлефон адказваў, што ён у сябе, хлопец пакідаў яму файл з паперамі і грашыма. Пры ім дырэктар ніколі не адкрываў файл, гаворкі пра грошы не было, сумы не абмяркоўвалі, просьбы ад Дзядзюшкі перадаваць грошы таксама не было. Сумы Елізаранка вызначаў самастойна ў залежнасьці ад аб’ёму паставак камбікармоў. Грошы на хабар часта пазычаў у калегі Арцёма Бычанка, але не казаў, навошта яму такія сумы.
— Да таго, як вы перадалі ўзнагароджаньне, ці былі праблемы з дастаўкай камбікармоў? — запыталася ў Елізаранкі адвакатка Дзядзюшкі.
— Калі не было камбікармоў, пэрыядычна.
— Ці нешта зьмянілася пасьля перадачы ўзнагароджаньня?
— Нават ня ведаю.
— У вас павялічыліся аб’ёмы, бо вы далі ўзнагароджаньне, або таму, што павялічыліся заяўкі?
— Бо павялічыліся заяўкі.
— За што вы далі першае ўзнагароджаньне?
— Каб не было перабояў з пастаўкамі.
— Якія былі перадумовы, што будуць перабоі з пастаўкамі?
— Георгі Мікалаевіч не падымаў тэлефон, казаў, што камбікорму няма.
— А калі б вы не перадавалі гэтых сумаў, то паставак бы не было?
— Я ня ведаю. Я не задаваўся гэтым пытаньнем.
Елізаранка патлумачыў, што, калі апошні эпізод выкрылі міліцыянты, ён быў «у такім жа стрэсе, як Георгі Мікалаевіч».
«Пра мяне пісалі, што я прынёс мечаныя грошы. Я яго не падстаўляў», — заявіў Елізаранка.
Пад канец допыту ён пачаў эмацыйна хваліць Дзядзюшку.
«Я ведаю яго толькі з добрага боку. Ён добры сем’янін. Па тэлефоне часта гаварыў пра дзядзькоў. Камбікорм быў якасны, па ягоных рэцэптах. Толькі словы падзякі ў ягоны бок», — сказаў Елізаранка.
Ён таксама зьвярнуўся непасрэдна да экс-дырэктара заводу і папрасіў яго пагаварыць зь сям’ёй і патлумачыць ім, што ён, Елізаранка, яго, Дзядзюшку, не падстаўляў.
Партнэр: «З Георгіем Мікалаевічам было нашмат прасьцей працаваць»
Кіраўнік «Збожжавых традыцый», 35-гадовы Арцём Бычанок, таксама выступіў на судзе ў якасьці сьведкі. Ён расказаў, што прыяжджаў разам зь Елізаранкам да Дзядзюшкі, аднак у сустрэчах не ўдзельнічаў, пра грошы ня ведаў. Елізаранка ў яго часта пазычаў грошы ад 100 даляраў да 2500 рублёў «на асабістыя патрэбы». Той заўсёды вяртаў, таму Бычанок не баяўся пазычаць. Грошы Бычанок або здымаў з карткі, або даваў са сваіх кішэнных. Ён удакладніў, што ягоны сярэдні заробак у месяц складаў 15 тысяч рублёў.
На пытаньне, чаму яму на картку перад паездкамі да Дзядзюшкі з бухгальтэрыі пералічвалі па 3-4 тысячы рублёў, Бычанок адказаў, што не зьвяртаў на гэта ўвагі, маўляў, яму пэрыядычна плацілі нейкія ўзнагароджаньні.
«З Георгіем Мікалаевічам было нашмат прасьцей працаваць [чым зь цяперашнім дырэктарам камбікормавага заводу]. Ён спраўны чалавек. Ён нам моцна па-чалавечы дапамог з водпускам тавару. „Георгі Мікалаевіч, можна нам, калі ласка, машыну [камбікорму]?“ — І ён часта ішоў насустрач», — таксама пахваліў былога партнэра Бычанок, але ўдакладніў, што той ўсё рабіў у межах сваіх працоўных абавязкаў, ня звыш таго.
Бычанок пацьвердзіў, што ў «Збожжавых традыцый» бывала запазычанасьць перад роскім заводам, тады Дзядзюшка «даваў нешта пад сваё слова», без папярэдняй аплаты за тавар.
Дзядзюшка і пасьля допыту сьведак адмовіўся даваць паказаньні. У судзе зачыталі ягоныя ранейшыя паказаньні. На першым допыце адразу пасьля затрыманьня ён адмовіўся ад паказаньняў. Потым ён прызнаўся, што браў хабар, і згадзіўся з усімі эпізодамі абвінавачаньня. На наступным допыце ў прысутнасьці іншай адвакаткі Дзядзюшка тлумачыў, што ніколі не называў ніякіх сумаў хабару Елізаранку, не абмяркоўваў пытаньне грошай, толькі аднойчы летась у лютым адзначыў, што той добра зарабляе. Аднак на тым допыце Дзядзюшка, паводле пісьмовых матэрыялаў справы, згаджаўся, што прымаў грошы ад Елізаранкі, але гэта не было ўзнагароджаньнем за пастаўкі.
Таксама з матэрыялаў справы стала зразумела, што ў Дзядзюшак быў «Фальксваген Пасат», які яны набылі ў 2004 годзе, плянавалі яго прадаць, бо ўся сям’я ўжо не зьмяшчалася ў старую машыну, але так і не прадалі.
Жонка: «Ён ня мог узяць хабар»
Жонка падсуднага Мая Дзядзюшка мяркуе, што мужа арыштавалі «з палітычных прычын». Яна расказала, што падчас прэзыдэнцкай кампаніі ейнаму мужу сказалі зьбіраць подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Той адказаў, што нікога прымушаць ня будзе. У выніку ніхто з заводу не падпісаўся за Лукашэнку, у тым ліку і сам дырэктар. Сям’я Дзядзюшак хадзіла на дазволеныя мітынгі ў падтрымку Ціханоўскай у Ваўкавыску, на мірныя акцыі.
Першапачатковае прызнаньне мужа жанчына тлумачыць тым, што першая адвакатка параіла Дзядзюшку ўзяць на сябе віну, маўляў, тады пакараньне будзе меншым. Падчас спатканьня ў СІЗА, якое дазволілі сужэнцам, былы кіраўнік заводу расказаў, што пасьля затрыманьня яму настойліва раілі перапісаць паперу з сумамі хабару ў некалькіх эпізодах, ён перапісаў.
Дзіўным момантам у гэтай сытуацыі Мая лічыць тое, што на камбікормавым заводзе незадоўга да затрыманьня Дзядзюшкі ўзялі чалавека на пасаду намесьніка дырэктара. Раней ніколі такі чалавек ня быў патрэбны, бо арганізацыя малая — усяго 80-90 чалавек. Намесьнік прапрацаваў каля паўгода, і яго звольнілі, калі паставілі новага дырэктара камбікормавага заводу.
На думку Маі, муж ня мог браць хабар, ён сумленны чалавек, а іхная сям’я заўсёды жыла небагата, яны апраналіся проста, раскошы не было. Цяпер сям’і стала яшчэ цяжэй жыць. У іх шасьцёра дзяцей, сярод іх адна школьніца і трое дашкольнікаў. Мая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, жывуць за «дзіцячыя» грошы.
Мая таксама адзначыла, што ў дом, дзе яны жывуць, двойчы позна ўвечары ламіліся невядомыя ў масках і ў цывільным, казалі, што міліцыя, мэту візыту не тлумачылі. Ім не адчынялі дзьверы. Потым сьледчы казаў Маі, што нікога да іх не прысылаў. Жанчына лічыць, што нехта хацеў так яе запужаць.
21 студзеня ў судзе працягнуць агучваць пісьмовыя матэрыялы справы.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.