Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятар хадайнічаў перад Сьледчым камітэтам, каб стаць паручальнікам Ігара Лосіка, які галадае ў турме 37 дзён


Іярэй Аляксандар Кухта пад турмой на Акрэсьціна ў Менску, архіўнае фота
Іярэй Аляксандар Кухта пад турмой на Акрэсьціна ў Менску, архіўнае фота

Іярэй Аляксандар Кухта падаў хадайніцтва ў Сьледчы камітэт, каб яго прызналі паручальнікам блогера Ігара Лосіка, які больш за месяц трымае галадоўку і рызыкуе незваротнымі працэсамі ў арганізьме.

«У Беларусі палітычны крызіс, і адным з пунктаў напружаньня стала справа Ігара Лосіка, стваральніка ТГ-каналу „Беларусь головного мозга“. Я ня ведаю, пра што ён пісаў, бо ня быў падпісчыкам. Але я ведаю, што яму прад’яўлена абвінавачаньне, распачатая крымінальная справа. Ці вінаваты Ігар? Cам ён кажа, што справа сфабрыкаваная, працэс палітычны. І пачаў галадоўку, якую трымае ўжо 36 дзён. Дзяржава пайшла на прынцып, ігнаруе ўсе патрабаваньні. Складана сказаць, чым усё скончыцца, але ёсьць верагоднасьць, што чалавек памрэ», — напісаў сьвятар у Facebook.

Аляксандар Кухта ня лічыць, што Ігар Лосік абраў правільную тактыку — хоць бы таму, што ў яго ёсьць малая дачка і жонка, якія чакаюць тату і мужа. Таму ўзяў на сябе крыху адказнасьці за жыцьцё чалавека.

Ён спасылаецца на артыкул № 121 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, які дазваляе браць паручальніцтва за абвінавачанага або падазраванага ў крымінальнай справе.

«Тады чалавека ня будуць утрымліваць пад вартай, пакуль ідзе разьбіральніцтва. А ў выпадку, калі ён уцячэ ці будзе замінаць сьледзтву, паручальніку давядзецца плаціць вялікі штраф. Я ня ведаю, ці спрацуе мая авантура. Магчыма, ці Ігар, ці дзяржава адмовяцца ад гэтага кампрамісу. Але я не хачу, каб памёр чалавек, а сям’я засталася сіратой. Таму падаў у Сьледчы камітэт хадайніцтва аб тым, каб мяне прызналі яго паручальнікам. Калі гэты плян спрацуе, Ігар паедзе дадому і пачне есьці. А далей я ўскладаю надзеі на Бога».

Аляксандар Кухта заклікаў далучыцца іншых сьвятароў, якія гатовыя падзяліць зь ім такую адказнасьць і выступіць паручальнікамі за Ігара Лосіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG