Ігар Лосік – журналіст, блогер, кансультант Радыё Свабода, знаходзіцца за кратамі ад 25 чэрвеня 2020 году. Супраць яго вылучылі тры крымінальныя абвінавачаньні. 15 сьнежня Лосік абвясьціў галадоўку – на сёньня ён галадае ўжо 35 дзён.
«Увесь гэты час да яго не дапускаюць незалежных урачоў, праваабаронцаў, абмяжоўваюць у праве на перапіску, зносінах з адвакатамі і роднымі, гаворыцца ў звароце. – Самаадчуваньне Ігара пагаршаецца з кожным днём, ёсьць усе падставы меркаваць, што сытуацыя становіцца пагрозьлівай для яго жыцьця».
Народнае антыкрызіснае кіраваньне даслала лісты ў прадстаўніцтвы Эўразьвязу, ЗША і Вялікабрытаніі і зьвярнулася да іх з просьбай:
1) Выступіць з афіцыйным зваротам да ўладаў Беларусі і рашуча асудзіць незаконнае ўтрыманьне Ігара пад вартай, а таксама ўсіх палітычных зьняволеных.
2) Заклікаць улады перавесьці Ігара ў бальніцу для аказаньня тэрміновай мэдычнай дапамогі і дапусьціць да яго незалежных лекараў для ацэнкі стану яго здароўя, дазволіць спаткацца з жонкай і блізкімі з мэтай пераканаць яго спыніць галадоўку.
3) Зьвярнуцца са словамі падтрымкі да Ігара з просьбай спыніць галадоўку і не рабіцца ахвярай крывавага рэжыму.