У паведамленьні арганізацыі гаворыцца, што рашэньне «непазьбежнае» і прымаецца зь меркаваньняў бясьпекі. Рада IIHF вызначыла, што цяпер у Беларусі немагчыма гарантаваць бясьпеку камандаў, гледачоў і афіцыйных асобаў, адзначаецца ў паведамленьні. Месца правядзеньня чэмпіянату замест Беларусі мае быць вызначана пазьней.
Чэмпіянат сьвету 2021 году плянавалася правесьці з 21 траўня па 6 чэрвеня ў Беларусі і Латвіі. Раней сёньня парлямэнт Латвіі адхіліў магчымасьць сумеснага правядзеньня ў 2021 годзе чэмпіянату сьвету разам зь Беларусьсю. Пра гэта гаварылася ў распаўсюджанай у панядзелак заяве камісіі сэйма па замежных справах.
«Латвія адхіляе любую магчымасьць зладзіць хакейны чэмпіянат разам зь Беларусьсю, бо пры цяперашніх абставінах, калі ў Беларусі праводзяцца гвалтоўныя рэпрэсіі, ладзіць спартовае мерапрыемства такога маштабу ў Менску недапушчальна», — прыводзіў партал delfi.lv заяву старшыні камісіі Рыхардса Колса.
Розныя эўрапейскія грамадзкія арганізацыі заклікалі IIHF перанесьці чэмпіянат сьвету 2021 году зь Менску з прычыны напружанай палітычнай сытуацыі ў Беларусі.
11 студзеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) знаходзіцца пад ціскам у сувязі з сытуацыяй вакол правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі.