Сацыяльна-дабрачынная ўстанова па падтрымцы інфраструктурных грамадзка значных праектаў «ИменаМедиа» зноў вымушаная вярнуць грошы замежным ахвярадаўцам, якія падтрымалі праекты ў чэрвені і ліпені 2020 году.
Як паведаміла БелаПАН кіраўніца «ИменаМедиа» Кацярына Сінюк, агульная сума ахвяраваньняў, якую трэба вярнуць 690 людзям з 32 краін сьвету, складае 42 720 рублёў (16,7 тысячы даляраў).
Сінюк адзначыла, што замежныя ахвяраваньні за жнівень і верасень дэпартамэнт зарэгістраваў. Цяпер арганізацыя плянуе падаваць на рэгістрацыю ахвяраваньні за кастрычнік і лістапад.
У другой палове сьнежня 2020 году арганізацыя паведамляла, што Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта без тлумачэньня прычынаў не зарэгістраваў суму каля 35 тысяч даляраў, якую ахвярадаўцы з-за мяжы выдаткавалі агулам на падтрымку праекту «Цэнтар мэдыцынскай дапамогі для пацярпелых падчас мірных дэманстрацый».
Гэтым разам трэба вяртаць грошы, пералічаныя на дапамогу дзецям з анкалягічнымі захворваньнямі ў праекце «Дом для дзяцей з анкалёгіяй», малым сіротам у праекце «Няня замест мамы»; жанчынам і дзецям, якія пацярпелі ад гвалту (праект «Прытулак»); адзінокім цяжка хворым людзям у праекце «Патранажная служба ў рэгіёнах» і іншым праектам, якія падтрымліваюць «Имена». Акрамя таго, неабходна вярнуць замежныя ахвяраваньні, якія прыйшлі ў гэты пэрыяд і на работу самой плятформы.
Афіцыйная прычына нерэгістрацыі грошай дакладна такая ж, як і ў сьнежаньскім выпадку. У пісьмовым апавяшчэньні дэпартамэнт спасылаецца на пастанову Савету Міністраў ад 27 жніўня 2020 году. Там сказана, што дэпартамэнт мае права запытаць у дзяржаўных органаў зьвесткі для праверкі атрыманай інфармацыі і для вызначэньня мэтаў выкарыстаньня грошай. Па выніках аналізу зьвестак, што паступілі, дэпартамэнт мае права адмовіць у рэгістрацыі дапамогі.
Ніякіх дадатковых тлумачэньняў, паводле Кацярыны Сінюк, арганізацыя не атрымала. На ўсе тыя ж праекты раней грошы рэгістравалі. Пры гэтым мэханізм абскарджваньня рашэньня дэпартамэнту паводле новага дэкрэту адсутнічае.