Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіла на зьезьдзе, дзе абралі магчымага пераемніка Мэркель


Сьвятлана Ціханоўская са сваім дарадцам у палітычных пытаньнях Франакам Вячоркам
Сьвятлана Ціханоўская са сваім дарадцам у палітычных пытаньнях Франакам Вячоркам

59-гадовага прэм’ер-міністра нямецкай фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія Арміна Лашэта абралі новым старшынём нямецкай партыі Хрысьціянска-дэмакратычны саюз, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю.

Яго кандыдатуру 16 студзеня падтрымалі ўдзельнікі двухдзённага партыйнага зьезду, які праходзіў у рэжыме відэаканфэрэнцыі, перадае DW. Фармальна вынікі выбараў яшчэ не падведзеныя, бо ня ўлічанае паштовае галасаваньне.

Армін Лашэт
Армін Лашэт

Новы лідэр ХДС можа стаць адным з прэтэндэнтаў на пасаду канцлера на верасьнёўскіх выбарах у Бундэстаг. Ангела Мэркэль, якая займае гэтую пасаду больш за 15 гадоў, яшчэ ў 2018 годзе пакінула пасаду старшыні сваёй партыі і абвясьціла, што не плянуе ўдзельнічаць у выбарах.

Выступіць на зьезьдзе запрасілі Сьвятлану Ціханоўскую, якая зьвярнулася да ўдзельнікаў партыйнага зьезду адразу пасьля прывітальнага слова ад прэмʼер-міністра Аўстрыі Сэбасьцьяна Курца.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала нямецкім палітыкам за падтрымку, якая гучала ў рэзалюцыях Бундэстагу, а таксама выяўлялася ў больш актыўнай працы ў Беларусі каналу «Нямецкая хваля» і выказала спадзяваньне, што падтрымка свабоды і дэмакратыі ў Беларусі будзе працягвацца незалежна ад таго, хто ўзначаліць партыю.

Дэпутат Бундэстагу ад ХДС Урсула Гродэн-Краніх патлумачыла, чаму яе партыя запрасіла выступіць Ціханоўскую: «Важна, каб тых, хто змагаюцца за свабоду, падтрымлівалі ня толькі ў Нямеччыне, але і ў іншых краінах. Каб сказалі: так, мы дамо ім трыбуну, каб выказвацца. І ў гэтым таксама асаблівая значнасьць выступу Ціханоўскай».

За апошнія месяцы Ціханоўская неаднаразова наведвала Нямеччыну, сустракалася з Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Нямеччыны, а таксама з кожнай фракцыяй у Бундэстагу. Нямецкія сацыял-дэмакраты дапамагаюць прафсаюзнаму рабочаму руху ў Беларусі, «зялёныя» падтрымліваюць палітвязьняў, ХДС дапамагае прасоўваць палітычныя пытаньні на ўзроўні Эўразьвязу.

«Адзіная партыя, якая скептычна ставіцца да беларускай апазыцыі — гэта правая папулісцкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны», — расказаў DW дарадца Ціханоўскай у палітычных пытаньнях Франак Вячорка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG