Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», справу разглядала судзьдзя суду Першамайскага раёну Менску Анастасія Кулік.
Захарэвіч быў прызнаны вінаватым і асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Сваёй віны ён не прызнаў.
Аляксандра Захарэвіча затрымалі 1 лістапада падчас мірнай акцыі пратэсту «Дзяды». Суд Першамайскага раёну прысудзіў яму 9 сутак адміністрацыйнага арышту. Захарэвіча этапавалі ў СІЗА-6 г. Баранавічы для адбыцьця пакараньня.
Пры затрыманьні ён быў зьбіты, што відаць на відэазапісе, апублікаваным ініцыятывай @By_Pol.
10 лістапада пры вызваленьні з СІЗА-6 Аляксандра Захарэвіча затрымалі супрацоўнікі міліцыі, адвезьлі яго на легкавым аўтамабілі дадому, дзе правялі ператрус. Пазьней яму прад’явілі абвінавачваньне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу — «Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
У віну Аляксандру Захарэвічу ставіўся напад на супрацоўніка ДАІ пры выкананьні ім службовых абавязкаў. Затрыманьне мужчыны трапіла на відэа, дзе можна бачыць, як ён бяжыць, адбываецца сутыкненьне, пасьля чаго ён падае і закранае нагу супрацоўніка ДАІ.