Праект belarusdaily.org апісвае падзеі, пачынаючы зь 9 жніўня 2020 году, але затым стваральнікі плянуюць разьвіць яго да маштабнага гісторыка-аналітычнага рэсурсу і інтэрактыўнага падручніка гісторыі новай Беларусі.
Згодна з задумай аўтараў, сыстэматызаваная хроніка падзей дазволіць разам з гісторыкамі, журналістамі і сацыёлягамі па гарачых сьлядах зірнуць на эвалюцыю беларускага народу. Праект рэалізаваны пры падтрымцы стваральнікаў і распрацоўнікаў плятформы «Голас».
Пакуль сайт працуе толькі на расейскай мове.
На старонцы можна выбраць любы дзень з кароткім апісаньнем падзей у краіне, убачыць фота і відэа, зробленыя ў канкрэтную дату. У лютым у карыстальнікаў зьявіцца магчымасьць дзяліцца асабістымі гісторыямі і візуальнымі матэрыяламі, дапаўняць падзеі кожнага дня.
На гэты момант «Кожны дзень» прапануе хроніку падзей зь 9 жніўня па 9 кастрычніка, аднак будзе пашырацца штодня.