На яе склалі пратакол па адміністрацыйным артыкуле 23.34, частка 1, за тое, што яна 14 сьнежня прыйшла да навагодняй ялінкі ў цэнтры сталіцы.
Валерыя расказала Свабодзе, што прыйшла разам з дачкой Людмілай паглядзець на сьпевы і карагоды каля навагодняй ялінкі.
«Хацела ўжо сыходзіць, а тут чорная хмара амапаўцаў прыехала на аўтобусе, адчыніліся дзьверы, і яны пабеглі вакол нас. Не было як дыхнуць, нас хутка прыціснулі і зрабілі адзін выхад — у аўтобус», — кажа жанчына.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі пэнсіянэраў а 15-й гадзіне для праверкі дакумэнтаў.
«Я кажу, што ў мяне дакумэнт з сабой, я інвалід другой групы і магу яго прад’явіць. Але амапаўцы сказалі, што ім патрэбна, каб мы прайшлі ў аўтобус. Абманным шляхам нас загналі туды, як стада авечак».
Валерыя разам з дачкой зайшлі ў аўтобус апошнімі. Вольных месцаў ужо не было, і давялося ехаць стоячы, аўтобус быў бітком набіты людзьмі. Затрыманых адвезьлі ў Ленінскі РУУС і разьмясьцілі ў двух памяшканьнях па 40 чалавек.
«Стаяць было холадна, сесьці не было куды, тэлефоны ў нас адабралі. Шэсьць гадзін прастаялі, і тады пачалі выклікаць, фатаграфаваць, як нейкіх злачынцаў».
Каля дзявятай вечара Валерыю выклікалі, каб яна падпісала пратакол, і потым адпусьцілі з пастарунку.
«Я была без акуляраў і спытала, што яны там напісалі. Мне адказалі, што артыкул 23.34. Я пытаю: а за што? За тое, што вы былі на плошчы. Я пытаю: а навошта тады там паставілі ёлку? Пратакол я не падпісала».
З РУУСа Валерыю сустракалі ўнучка і праўнучка, валянтэры частавалі гарбатай.
«У мяне няма слоў»
Сёньня Валерыю судзілі, заўтра адбудзецца працэс над яе 68-гадовай дачкой. Валерыя нічога ня чула ў судзе і папрасіла, каб унучка ёй тлумачыла, бо судзьдзя гаварыла «сабе пад нос».
Для Валерыі штраф 30 базавых (870 рублёў) даволі адчувальны, яе пэнсія складае каля 700 рублёў.
«З чаго я буду плаціць? — кажа жанчына. — У маёй дачкі пэнсія 350 рублёў. І як жыць? Яна на заводзе 20 гадоў адпрацавала».
Валерыя Сьмірнова кажа, што раней ніколі ня мела справы з судамі. У Менску яна жыве з 1962 году, нарадзілася ва Ўльянаўскай вобласьці Расеі. Яна вэтэран працы, працавала галоўным бухгальтарам у будаўнічай арганізацыі «Мантажспэцбуд» і на заводзе спэцаўтаматыкі. У яе дзьве дачкі, пяцёра праўнукаў.
«У мяне няма слоў. Гэты „прэзыдэнт АМАПу“ круціцца, як вуж на патэльні, ілжэ. І нельга слова сказаць, могуць па галаве даць, — кажа Валерыя. — Я раней ляжала і бачу праз інтэрнэт, як людзей зьбіваюць. Я ня згодная з гэтым рэжымам. Я думаю: чаго я ляжу, там гінуць людзі. Ну і пайшла. Я хутка не магу хадзіць, у мяне задышка. Але паціху праходзіла ад плошчы Незалежнасьці да Якуба Коласа».