Сьпікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі паведаміла пра гэта 10 лістапада ў лісьце да заканадаўцаў, тым часам як прэзыдэнт апынуўся пад узмоцненым ціскам і ва ўсё большай ізаляцыі ў апошнія дні працы на сваёй пасадзе з прычыны сваёй ролі ў закліках да натоўпу пайсьці на Капітолій.
У падкантрольную дэмакратам Палату прадстаўнікоў ЗША 11 студзеня ўнесьлі рэзалюцыю, якая заклікае віцэ-прэзыдэнта Майка Пэнса «склікаць кабінэт міністраў для ўвядзеньня ў дзеяньне 25-й папраўкі, каб прызнаць прэзыдэнта няздольным выконваць абавязкі на сваёй пасадзе».
Калі Пэнс не адкажа на працягу 24 гадзін, дэмакраты прыступяць да прыняцьця закону аб імпічмэнце ў Палаце прадстаўнікоў, тлумачыла Пэлосі.
Пэнсу даюць 24 гадзіны
У рэзалюцыі Трампа абвінавачваюць у ціску на выбарчых чыноўнікаў з патрабаваньнем «адмяніць» яго паразу на выбарах, а таксама ў заахвочваньні яго прыхільнікаў да гвалтоўнага штурму Капітолію 6 студзеня, у выніку чаго пяць чалавек загінулі, у тым ліку адзін супрацоўнік паліцыі.
«Абараняючы нашу Канстытуцыю і нашу дэмакратыю, мы будзем дзейнічаць тэрмінова, таму што гэты прэзыдэнт уяўляе непасрэдную пагрозу і для аднаго, і другога», — сказала Пэлосі.
Паведамляецца, што кангрэсмэны ад Рэспубліканскай партыі ўжо заблякавалі рэзалюцыю падчас так званай нефармальнай сэсіі Палаты прадстаўнікоў 11 студзеня. У выніку Палата правядзе афіцыйнае галасаваньне 12 студзеня, казала раней Пэлосі. Чакаецца, што гэтая рэзалюцыя пройдзе ў Палаце прадстаўнікоў, дзе дэмакраты маюць большасьць — 222 супраць 211 галасоў.
Пэнс, які, як паведамляецца, не размаўляў з прэзыдэнтам ад часу штурму Капітолію, выступае супраць таго, каб задзейнічаць 25-ю папраўку, паведамляюць ягоныя асыстэнты.
Няясна таксама, ці атрымае спасылка на канстытуцыйнае палажэньне аб адхіленьні дзейнага прэзыдэнта дастатковую падтрымку членаў кабінэту міністраў.
Што трэба для імпічмэнту
Калі Пэнс не адрэагуе, Палата выставіць імпічмэнт на абмеркаваньне і прагаласуе на сваім пасяджэньні ўжо 13 або 14 студзеня. Рэзалюцыю падтрымліваюць больш як 200 дэмакратаў. Чакаецца, што яна пройдзе. Гэта зробіць Трампа першым прэзыдэнтам якому абвясьцілі імпічмэнт двойчы.
Зьняць Трампа з пасады праз працэс імпічмэнту было б надзвычай складана з прычыны кароткага часу, які застаўся да канца ягонага тэрміну.
Нават калі Палата прадстаўнікоў абвесьціць Трампу імпічмэнт, абвінавачаньні павінны будуць праслухоўвацца на працэсе ў Сэнаце.
Усе 100 сэнатараў мусілі б пагадзіцца вярнуцца з канікулаў да 19 студзеня для правядзеньня судовага разбору — гэты сцэнар надзвычай малаверагодны.
Лідэр большасьці ў Сэнаце Міч МакКонэл 9 студзеня накіраваў мэмарандум сваім калегам — сэнатарам-рэспубліканцам, дзе выказаў меркаваньне, што судовы разбор не пачнецца, пакуль Трамп не пакіне пасады 20 студзеня.
Абвінаваўчы прысуд у Сэнаце патрабуе дзьвюх трацін галасоў. Гэта азначае, што як мінімум 17 рэспубліканскім сэнатарам трэба будзе далучыцца да дэмакратаў, каб асудзіць прэзыдэнта.