Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80-гадовы юбілей мог бы адзначыць Уладзімер Мулявін. Ці быў пясьняр «беларускім нацыяналістам»?


Уладзімер Мулявін
Уладзімер Мулявін

12 студзеня адзначаецца 80-годзьдзе народнага артыста СССР Уладзімера Мулявіна, заснавальніка і мастацкага кіраўніка легендарнага ансамбля «Песьняры». Ягонае імя непарыўна зьвязанае з назвай калектыву, які стаў візытоўкай Беларусі ва ўсім сьвеце.

Беларускі дзяржаўны ансамбаль «Песьняры», які лічыцца афіцыйным правапераемнікам творчай спадчыны славутага гурту, у гэты дзень выступіць з самымі вядомымі песьнямі ў студыі, дзе апошнія гады перад трагічнай сьмерцю працаваў Уладзімер Мулявін. Online-канцэрт пачнецца а 12.30 на афіцыйным YouTube-канале.

Акрамя таго, артысты падрыхтавалі выставу вінілавых кружэлак «Песьняроў», сабралі фатаграфіі залатога складу, а таксама нотныя рукапісы.

Як зазначаюць паплечнікі Ўладзімера Мулявіна, яго настолькі паглынаў творчы працэс, што на нешта іншае папросту не хапала часу.

Тым ня меней ня так даўно Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўратаваў музыканта ад «нацыяналістычнага чаду». На чым грунтуюцца падазрэньні, што ўраджэнец расейскага Сьвярдлоўску быў «беларускім нацыяналістам»?

Гэты здымак з аўтографам Уладзімера Мулявіна захоўваўся ў архіве Ларысы Геніюш
Гэты здымак з аўтографам Уладзімера Мулявіна захоўваўся ў архіве Ларысы Геніюш

Магчыма, прычына ў тым, што роўна 30 гадоў таму «Песьняры» стварылі праграму «Вянок» на вершы Максіма Багдановіча, а песьню «Пагоня» з гэтага цыклю прапаноўвалі на гімн незалежнай Беларусі.

Місевіч: «Муля быў ня супраць, каб Пагоня стала гімнам новай Беларусі»

У кастрычніку 2019 году Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Яўгенам Куйвашавым расказаў, як спыніў ад «непапраўнай памылкі» славутага ўральца.

«Гэта наш агульны гонар — Валодзя Мулявін, якога я добра ведаў, зь якім быў вельмі дружны. Пасьля нацыяналістычнага чаду (некалькі гадоў у Беларусі і гэта было) мне давялося яго як нашага, рускага чалавека падымаць на вышыню. Я беларусам сказаў: гэты расеец навучыў нас размаўляць на беларускай мове», — пахваліўся Лукашэнка.

Нягледзячы на гучныя заявы, сродкаў на помнік легендарнаму музыку ў Беларусі не знайшлося. Скульптуру побач з будынкам філярмоніі паставілі дзякуючы фінансавай дапамозе ўраду Сьвярдлоўскай вобласьці і асабістай падтрымцы губэрнатара Куйвашава.

Адкрыцьцё помніка Мулявіну ў жніўні 2017 году
Адкрыцьцё помніка Мулявіну ў жніўні 2017 году

Дык што меў на ўвазе Лукашэнка, кажучы пра «нацыяналістычны чад», у які нібыта спрабавалі ўцягнуць Мулявіна?

Яшчэ адзін ураджэнец Расеі Ўладзіслаў Місевіч (ён родам з Арэнбургу) стаў поруч з Уладзімерам Мулявіным 50 гадоў таму. Гэта адбылося ў часы філярманічных «Лявонаў» — у 1970-м калектыў быў перайменаваны ў «Песьняры» для ўдзелу ў саюзным конкурсе, але назва прыжылася і яе пакінулі.

Зорны склад: Уладзіслаў Місевіч зьлева ад Ўладзімера Мулявіна
Зорны склад: Уладзіслаў Місевіч зьлева ад Ўладзімера Мулявіна

Два дзясяткі гадоў таму з прычыны ўнутраных разыходжаньняў Місевіч з часткай музыкаў заснаваў альтэрнатыўны праект «Беларускія песьняры», але па-ранейшаму лічыць калегу непераўзыдзеным майстрам.

На думку музыкі, у «нацыяналісты» афіцыйная прапаганда магла залічыць Уладзімера Мулявіна за аўтарства праграмы «Вянок», якая ў 1991-м зьявілася да 100-годзьдзя Максіма Багдановіча. Дакладней, за адну рэч з цыклю, якую потым прапаноўвалі ў якасьці гімну незалежнай Беларусі.

«Муля ні пад кога не прагінаўся, у яго на першым месцы была творчасьць, — працягвае Місевіч. — Так зьявілася праграма „Вянок“ на вершы Багдановіча. Зразумела, была там і „Пагоня“ — як эпізод вялікага цыклю. І калі здарылася незалежнасьць, абвясьцілі конкурс на новы гімн. Мулявіну прапанавалі таксама паўдзельнічаць. Ён быў ня супраць, чаму не? Але пакуль думалі ды прыкідвалі, здарыліся прэзыдэнцкія выбары, пытаньне само сабой замылілася. Бадай, гэта адзіны выпадак, які можна залічыць у праявы так званага „нацыяналізму“».

Бартлаў: «Самім фактам існаваньня ён стаў крыніцай, якая дае сілы іншым»

Галоўная ідэя Ўладзімера Мулявіна, кажа былы паплечнік, была ў тым, што асоба Максіма Багдановіча ў Беларусі засталася недаацэненай. У тым ліку і «Песьнярамі», бо выконвалі толькі ягоную «Вераніку». Празь «Вянок» рэпэртуар прырос адразу на паўтара дзясятка твораў. Мулявін рабіў гэта зусім ня дзеля «нацыяналізму», бо «палітык зь яго быў ніякі», запэўнівае Ўладзіслаў Місевіч.

"Песьняры" на піку славы
"Песьняры" на піку славы

Канцэртны лёс «Вянка» аказаўся зусім ня доўгім. Прэзэнтацыя адбылася ў лістападзе 1991-га ў бібліятэцы ААН у Нью-Ёрку — у прысутнасьці кіраўніка беларускай дыпмісіі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Генадзя Бураўкіна і шматлікіх замежных гасьцей.

«Калі Мулявін завяршыў „Вянок“, далучыўся міністар замежных спраў Пятро Краўчанка, які прабіў магчымасьць упершыню паказаць беларускую праграму ў ААН, — працягвае Ўладзіслаў Місевіч. — Але трэба было знайсьці 10 тысяч даляраў на дастаўку калектыву і інструмэнтаў. Муля хадзіў па высокіх кабінэтах, усюды адмаўлялі. Тады Пятро Кузьміч сам здабыў у нейкім банку грошы, і мы паляцелі. Увесь пасольскі корпус сабраўся, слухаў тую ж „Пагоню“. Для любой улады гэта плюс, за мяжой хоць даведаліся пра новую краіну на мапе Эўропы».

Пасьля вяртаньня артыстаў з ЗША праграма прагучала на сцэне Белдзяржфілярмоніі 9 сьнежня 1991 году, у дзень юбілею Максіма Багдановіча. Гэта быў адзіны поўнафарматны паказ, цалкам «Вянок» больш не выконваўся.

«У Мулі мог быць канфлікт хіба з самім сабой, прынамсі ні з „нацыяналістамі“, ні з „бацькам“ нейкіх спрэчак ня памятаю, — падсумоўвае Ўладзіслаў Місевіч. — Лукашэнка дапамог Мулявіну пазбавіцца ад нас, гэта трэба прызнаць. Але і мы атрымалі магчымасьць не памерці, а вольна дыхаць. Паўтаруся, проста не магло быць супярэчнасьцяў на палітычнай глебе, бо ён займаўся творчасьцю. Але калі Лукашэнка лічыць, што дзякуючы ягоным высілкам Мулявін не напісаў гімн для апазыцыі, ну дык яму лепш відаць...»

Уладзімер Мулявін і кампазытар Ігар Лучанок, 1977 год
Уладзімер Мулявін і кампазытар Ігар Лучанок, 1977 год

Лявон Бартлаў — мастак-пастаноўшчык, майстар дызайну і афармленьня сцэны, працаваў поруч з Уладзімерам Мулявіным ад моманту ўзьнікненьня «Песьняроў».

Кажа, што за 50 зь лішкам гадоў праз ансамбаль прайшлі дзясяткі музыкаў і сьпевакоў, аднак, дачасна страціўшы ў аўтакатастрофе ідэйнага натхняльніка, асірацелыя выхаванцы так і не змаглі выбраць сабе новага лідэра.

«Ёсьць у „Песьняроў“ свой фэномэн, і гэта бясспрэчная заслуга Мулі, як мы яго называлі — Уладзімера Георгіевіча. Як кожны творчы чалавек, ён прайшоў праз пад’ёмы і спады, трыюмфы і расчараваньні, эўфарыю і дэпрэсіі. Гэта ўжо асобная тэма ўнутраных супярэчнасьцяў, яго характару. Але самім фактам свайго існаваньня Мулявін стаў для Беларусі крыніцай, якая дае сілы іншым. „Песьняры“ ня проста калектыў, гэта крыніца, адкуль чэрпаюць і чэрпаюць. Мы нават зразумець ня можам, на колькі бязьмерная тая крыніца, што вырвалася на паверхню ў 1969 годзе, а ў „Лявонах“ — і яшчэ раней».

Растопчын: «Мулявін быў зьвяном, якое ў „Песьнярах“ зьвязвала ўсё»

Творчы крызіс у «Песьнярах» намеціўся ў канцы 1990-х, яшчэ пры жыцьці Ўладзімера Мулявіна. Гэта, паводле саміх удзельнікаў ВІА, было справакавана цэлым шэрагам прычын.

Аўтэнтычныя "Песьняры"
Аўтэнтычныя "Песьняры"

Найперш, незапатрабаванасьць калектываў, якія працавалі ў жанры «савецкай эстрады». Па-другое, статус дзяржаўнага ансамбля, што азначала ўзгадненьне і цэнзураваньне рэпэртуару. Па-трэцяе, узаемная стомленасьць музыкаў адзін ад аднаго на фоне злоўжываньня Мулявіна алькаголем.

Пасьля сьмерці ідэйнага натхняльніка пачалі множыцца самастойныя гурты. Ня менш як дзясятак з прэтэнзіяй на пераемнасьць ад арыгіналу разьяжджае па постсавецкіх краінах.

Значны прамежак біяграфіі віртуоза Аляксандра Растопчына прыпадае на аўтэнтычныя «Песьняры». Менавіта гучаньне ягонай гітары надало ансамблю сапраўднага рокавага драйву. Вось як ён ацэньвае тое, што пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна ў геамэтрычнай прагрэсіі сталі зьяўляцца атожылкі.

«Па вялікім рахунку, новага ў „Песьнярах“ нічога не адбылося. Плюс народ хоча гэта бачыць, настальгія. Каб быў Мулявін — справа іншая. Бо ён, як клей, які ўсё гэта ўмацоўваў. Бяз Мулі няма нічога. Могуць расказваць, што ён таго ня ўмеў, гэтага не рабіў. Піў ці ня піў, таксама ня важна. Муля быў зьвяном, якое ўсё зьвязвала. У яго было, па-ангельску кажучы, vision, бачаньне таго, як і што будзе. І я думаю, каб ён быў жывы, то запраста мог бы выступіць з ідэяй, якая яшчэ нікому не прыходзіла ў галаву. Ну а тыя, што засталіся? Пэўная частка хоча глядзець і слухаць старыя рэчы, іх права».

Аляксандар Растопчын (у цэнтры) зь "Песьнярамі"
Аляксандар Растопчын (у цэнтры) зь "Песьнярамі"

Першымі ад клясычных «Песьняроў» адкалоліся Ўладзіслаў Місевіч і Валер Дайнэка — яшчэ ў 1998 годзе перабраліся ў Маскву і зарэгістравалі там альтэрнатыўны гурт «Беларускія песьняры».

Спадкаемцамі аўтэнтычнага калектыву лічаць сябе ўдзельнікі Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песьняры». Доўгі час мастацкім кіраўніком там быў Вячаслаў Шарапаў, пасьля адстаўкі ягонае месца заняў Раман Козыраў. Фінансуе праект Міністэрства культуры.

Ёсьць таксама «Песьняры» пад кіраўніцтвам Леаніда Барткевіча. Яны паўсталі ў 2003 годзе ў выніку дэмаршу, калі пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна прызначылі новых дзяржаўных адміністратараў.

Ад 2004 году існуе гастрольны праект «Песьняроў» былога адміністратара дзяржаўнага ансамбля Ігара Сьвечкіна.

Да 2006 году давала канцэрты каманда «Лявоны-Песьняры», якую сабраў ударнік клясычнага складу Аляксандар Дзямешка. Пасьля яго сьмерці дзейнасьць мінімізаваная.

У 2008 годзе ўзьнік гурт «Лявоны», дзе сабраліся маладыя музыкі, якія ніколі ня гралі разам з Уладзімерам Мулявіным.

Саліст Анатоль Кашапараў арганізаваў гурт «Песьняры» імя Мулявіна, зь якім выступае толькі «па вялікіх сьвятах».

Існуе яшчэ некалькі сэзонных калектываў, якія зарабляюць, выконваючы старыя песьняроўскія песьні.

Помнік Уладзімеру Мулявіну каля будынку філярмоніі ў Менску
Помнік Уладзімеру Мулявіну каля будынку філярмоніі ў Менску

Уладзімер Мулявін нарадзіўся ў 1941 годзе ў Сьвярдлоўску (цяпер Екацерынбург), там вучыўся ў музычнай вучэльні, працаваў філярмоніі.

У 1963-м быў запрошаны ў Беларускую дзяржаўную філярмонію. Там праз 5 гадоў заснаваў ансамабль «Лявоны», які ў 1970-м стаў «Песьнярамі».

Каб працаваць з народнай песьняй, засвоіў беларускую мову. Дзякуючы «Песьнярам», тутэйшы фальклёр і паэзія клясыкаў — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Танк — сталі вядомыя далёка за межамі колішняга СССР.

У красавіку 2002 году Ўладзімер Мулявін трапіў у аўтааварыю і 26 студзеня 2003-га памёр у лякарні ад атрыманых траўмаў. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG