Апроч таго, як паведамілі ў прэсавай службе Нацпаліцыі Ўкраіны, сфармавана супольная група сьледчых паліцыі і пракуратуры, якая найбліжэйшым часам гатовая выехаць у краіну, дзе знаходзіцца ўладальнік аўдыёзапісаў, для правядзеньня сьледчых дзеяньняў.
Сьледчыя таксама падрыхтавалі ўжо афіцыйнае запрашэньне ва Ўкраіну для чалавека, які распараджаецца запісамі і іншымі дакумэнтамі.
«Мужчына атрымае працэсуальны статус сьведкі, а таксама атрымае належную яму ахову», — падкрэсьлілі ў прэсавай службе паліцыі.
У той жа час у паліцыі адзначылі, што атрыманая інфармацыя пра так званы «беларускі сьлед» у справе Паўла Шарамета тычыцца толькі тых, хто замовіў ягонае забойства, і гэтыя матэрыялы адпрацоўваюцца ў асобнай крымінальнай справе, а ня ў рамках той, што цяпер разглядаецца ў судзе ў дачыненьні да абвінавачаных у выкананьні злачынства.
Журналіст выданьня «Українська правда» Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева.
У сьнежні 2019 году паліцыя ўпершыню назвала імёны падазраваных у справе: сяржант Сілаў спэцыяльных апэрацый Андрэй Антоненка (Riffmaster), вайсковы мэдык Яна Дугар і валянтэрка Юлія Кузьменка. Яны заяўляюць, што ня маюць дачыненьня да забойства.
4 верасьня 2020 году суд пачаў разгляд справы.
4 студзеня 2021 году брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады.
Пра што гаворыцца ў расьсьледаваньні EUObserver
- Выданьне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзіма Зайцава.
- Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца апэрацыя па ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзімера Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расейскага журналіста беларускага паходжаньня, які ў той час жыў у Маскве).
- Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў на апэрацыі такога кшталту.
- Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацьвердзілі брусэльскаму выданьню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.
- З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».