Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран аднавіў 20-працэнтнае ўзбагачэньне ўрану


На аб’екце Фардо на поўначы Ірану
На аб’екце Фардо на поўначы Ірану

Урад Ірану заяўляе, што краіна аднавіла 20-працэнтнае ўзбагачэньне ўрану на падземным збудаваньні. Гэты ўзровень значна вышэйшы за межы, вызначаныя ядзернай дамовай 2015 году з шасьцю буйнымі дзяржавамі.

Прэс-сакратар іранскага ўраду Алі Рабіеі заявіў 4 студзеня, што прэзыдэнт Хасан Раўхані аддаў адпаведны загад на аб’екце Фардо.

Пазьней сёньня гэта пацьвердзіла і Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ).

«Іран сёньня пачаў падаваць уран, узбагачаны да 4,1% U-235, у шэсьць каскадаў цэнтрыфуг на заводзе ўзбагачэньня паліва Фардо — для далейшага ўзбагачэньня да 20%», — паведаміла сёньня МАГАТЭ сваім дзяржавам-удзельніцам.

Гэта апошняе зь некалькіх нядаўніх парушэньняў міжнароднага пагадненьня, якое зьмякчала санкцыі ААН у абмен на абмежаваньні ядзернай праграмы Ірану.

Але Тэгеран паступова скараціў ступень падпарадкаваньня пагадненьню ад таго часу, калі ў 2018 годзе ЗША ў аднабаковым парадку выйшлі з пагадненьня і пачалі ўводзіць жорсткія санкцыі супраць Ірану.

Узбагачаны ўран можа быць выкарыстаны для атрыманьня рэактарнага паліва, а таксама ядзерных боегаловак.

Тэгеран заўсёды адмаўляў імкненьне да стварэньня ядзернай зброі, заяўляючы, што яго ядзерная праграма прызначаная выключна для цывільных мэтаў.

Прэс-сакратар Эўрапейскай камісіі Пэтэр Стана заявіў, што апошні крок Ірану будзе «значным адхіленьнем» ад абавязаньняў Тэгерану ў рамках ядзернай дамовы 2015 году, што будзе мець «сур’ёзныя наступствы ў справе непашырэньня ядзернай зброі».

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што рашэньне Ірана сьведчыць пра «намер краіны разьвіваць ваенную ядзерную праграму».

«Ізраіль не дазволіць Ірану вырабляць ядзерную зброю», — дадаў Нэтаньягу.

Прадстаўнік МАГАТЭ сказаў, што гэты кантрольны орган ААН сачыў за падзеямі ў Фардо і што яго генэральны дырэктар Рафаэль Гросі прадставіць справаздачу дзяржавам-удзельніцам МАГАТЭ пазьней 4 студзеня, паведамляе AFP.

Агенцтва паведаміла 1 студзеня, што Тэгеран паінфармаваў яго пра пляны аднавіць узбагачэньне да 20 працэнтаў на аб’екце Фардо.

Пазьней кіраўнік цывільнай Арганізацыі атамнай энэргіі Ірану Алі Акбар Салехі заявіў, што Іран плянуе ўзбагаціць уран да 20 працэнтаў чысьціні «як мага хутчэй».

Гэты крок быў згаданы ў законе, які парлямэнт Ірану прыняў у мінулым месяцы ў адказ на забойства галоўнага іранскага вучонага-ядзершчыка, у якім Тэгеран абвінаваціў Ізраіль.

Цяпер Іран узбагачае запасы ўрану прыблізна да 4,5 працэнта, што вышэй за 3,67 працэнта — узровень, вызначаны ядзерным пагадненьнем 2015 году.

Павелічэньне да 20 працэнтаў скараціла б час, як б спатрэбіўся Ірану на стварэньне патэнцыйнай ядзернай зброі, калі б ён прыняў адпаведнае палітычнае рашэньне.

Іранская ядзерная ўгода таксама забараняе Тэгерану ўзбагачаць уран на аб’екце Фардо, схаваным глыбока ў гары для абароны ад авіяўдараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG