Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню адмянілі рашэньне Сьледчага камітэту аб адмове заводзіць крымінальную справу аб катаваньнях


Пятро Кірык
Пятро Кірык

Маскоўскі раённы суд Менску ўпершыню пасьля жнівеньскіх пратэстаў у Беларусі задаволіў скаргу на адмову ў завядзеньні крымінальнай справы аб катаваньнях з боку сілавікоў. Падлетак, якога затрымалі 12 жніўня, намагаецца пакараць амапаўцаў, якія білі яго і ўжывалі супраць яго спэцсродкі

Судзьдзя Лідзія Цяліца адмяніла пастанову сьледчага і накіравала копію пастановы ў Маскоўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту для дадатковай праверкі. Дамагчыся пакараньня вінаватых у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў спрабуе непаўналетні Пятро Кірык.

Пракурор у судзе падтрымаў адмену пастановы, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Непаўналетняга Кірыка затрымалі 12 жніўня, калі ён выходзіў зь сябрам з аўтобуса паміж станцыямі мэтро «Малінаўка» і «Пятроўшчына». Хлопцу на той момант было толькі 16 гадоў, пра што ён казаў і супрацоўнікам АМАПу, якія яго білі.

Па выніках праверкі сьледчы Вадзім Бялькевіч адмовіў Пятру Кірыку ў завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да сілавікоў па ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэксу «ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства». Бялькевіч палічыў, што няма зьвестак, якія можна было б адназначна лічыць доказам у справе.

Судова-мэдычная экспэртыза пацьвердзіла ў маладога чалавека цялесныя пашкоджаньні — шматлікія сінякі і ранкі, якія ўтварыліся пасьля сама менш 25 траўмуючых узьдзеяньняў. Экспэртыза пацьвердзіла, што гэта «відавочна сьведчыць аб незаконным ужываньні фізычнай сілы і спэцыяльных сродкаў» супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.

Больш за тое, падчас праверкі сьледчы Бялькевіч ня ўзяў запісы камэр відэаназіраньня па месцы затрыманьня Пятра, ня высьветліў, хто з супрацоўнікаў, калі і на якіх прававых падставах затрымаў непаўналетняга і прывёз у Маскоўскае РУУС. Не апытаў ён і асобаў, якія складалі пратакол у пастарунку.

Фактычна, як адзначыў суд, праверка па заяве Пятра зьвялася да яго тлумачэньняў і прызначэньня судова-мэдычнай экспэртызы ў дачыненьні да самога Кірыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG