«Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі дзіўны і бескарысны дакумэнт, яго падпісаньне прэзыдэнтам ЗША» — несяброўскі крок, заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.
«Варта разумець, што менавіта так выглядае адназначна несяброўскі крок і непрыхаванае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы», — гаворыцца ў заяве Глаза.
«Цалкам парадыйна глядзіцца навязваньне амэрыканскімі заканадаўцамі нейкіх дэмакратычных шаблёнаў іншым краінам, калі ў саміх ЗША становішча спраў з дэмакратыяй вельмі і вельмі далёка ад ідэалу», — дадаў Глаз.
«Разам з тым, Беларусь па-ранейшаму настроена на нармалізацыю адносінаў з ЗША, прытым, як з сыходзячай, так і з будучай адміністрацыяй, але асабліва праз раўнапраўны і ўзаемапаважлівы дыялёг», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Законапраект у Палаце прадстаўнікоў прадставіў кангрэсмэн Крыс Сьміт, які быў адным з аўтараў падобных законапраектаў 2004, 2006 і 2011 гадоў.
«Прэзыдэнт можа накласьці візавыя санкцыі на любога іншаземца, які зьяўляецца чальцом ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году, ёсьць дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ; службовай асобай „саюзнай дзяржавы“ або расейскай фізычнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэньнях правоў чалавека, зьвязаных з палітычным рэпрэсіямі ў Беларусі», — сказана ў тлумачэньні да законапраекту.
Акт аб дэмакратыі ў Беларусі зьмяшчае таксама такія палажэньні:
- заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
- прызнае Каардынацыйную раду, створаную на ініцыятыву экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
- заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
- падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
- прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
- недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
- заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёвяшчаньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
- прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.