Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст і былы міліцыянт. У Беларусі яшчэ два палітычныя вязьні


Цытата пра журналістаў ад колішняга кіраўніка МУС Юрыя Караева
Цытата пра журналістаў ад колішняга кіраўніка МУС Юрыя Караева

Праваабарончая супольнасьць прызнала палітычнымі зьняволенымі яшчэ двух чалавек — журналіста Сяргея Гардзіевіча і былога супрацоўніка праваахоўных органаў Дзьмітрыя Кулакоўскага.

Агулам у Беларусі ўжо 169 палітвязьняў, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

22 сьнежня па дарозе з Драгічына ў Берасьце супрацоўнікі АМАП затрымалі журналіста інтэрнэт-выданьня «Першы рэгіён» Сяргея Гардзіевіча. Пазьней у яго кватэры адбыўся ператрус, а ён быў затрыманы ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе паводле арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).

25 сьнежня ў дачыненьні да Гардзіевіча абраная мера стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту.

4 сьнежня пры спробе выехаць за межы Беларусі схапілі Дзьмітрыя Кулакоўскага. Ён быў зьмешчаны пад варту ў СІЗА Жодзіна ў межах крымінальнай справы паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).

Да таго Кулакоўскі працаваў начальнікам крымінальнага вышуку Заводзкага РУУС Менску, адкуль звольніўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сувязі зь нязгодай зь дзеяньнямі ўлады. У кастрычніку яго затрымала Служба ўнутранай бясьпекі МУС, месяц ён правёў у ЦІП, дзе, са словаў абаронцаў, яго катавалі і жорстка зь ім абыходзіліся.

Падтрымліваючы раней выказаную пазыцыю адносна вызваленьня палітвязьняў, асуджаных за паклёп ці абразу службовых асобаў і прэзыдэнта, зьнявагу дзяржаўных сымбаляў, а таксама пазбаўленьня волі да суду, праваабаронцы прызналі перасьлед Сяргея Гардзіевіча і Дзьмітрыя Кулакоўскага палітычна матываваным, а іх саміх — палітычнымі зьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG