Прэс-сакратар швэдзкага агенцтва аховы здароўя Сара Байфарс заявіла, што падарожнік, які прыехаў зь Вялікабрытаніі на Каляды, знаходзіцца ў ізаляцыі, і да гэтага часу ня выяўлена новых пазытыўных тэстаў.
Лічыцца, што новы варыянт вірусу больш заразны, чым ранейшы.
Раней у гэтым месяцы Швэцыя ўвяла абмежаваньні на паездкі для пасажыраў зь Вялікабрытаніі на фоне занепакоенасьці новым відам. Падобныя меры былі прыняты шэрагам іншых краін ЭЗ і ва ўсім сьвеце.
У Францыі і Гішпаніі ў суботу былі зарэгістраваныя першыя выпадкі мутаванай каранавіруснай інфэкцыі. Выпадак заражэньня новым штамам быў таксама зарэгістраваны ў Нямеччыне ў жанчыны, якая прыляцела самалётам зь Лёндану, і ў Лібане, таксама ў пасажыра лёнданскага рэйсу. За апошнія дні пра выяўленьне гэтага штаму паведамлялі таксама Данія, Нідэрлянды, Італія і яшчэ некалькі дзяржаваў па-за межамі Эўропы – напрыклад, Аўстраліі, Японіі.