Шмат хто ўжо хоча забыцца пра большасьць падзеяў 2020 году. Аднак пад гарой непрыемных загалоўкаў згубілася і некалькі добрых навін.
Новая крыніца энэргіі: тэрмаядзерны сынтэз можа зьмяніць сьвет
Мары навукоўцаў пра чыстыя тэрмаядзерныя рэактары, здольныя сілкаваць гарады, сталі крыху бліжэйшымі да рэальнасьці ў жніўні, калі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў пра пачатак зборкі Міжнароднага тэрмаядзернага экспэрымэнтальнага рэактара.
Кіраваны ядзерны сынтэз можа стаць рэвалюцыяй у сусьветнай энэргетыцы. У адрозьненьне ад рэакцыі дзяленьня ядра, калі атамы расшчапляюцца, вылучаючы энэргію, здольную зруйнаваць Хірасіму, пры ядзерным зьліцьці нагрэтыя часьціцы ў вакуўме сутыкаюцца, аб’ядноўваючыся ў буйнейшы атам. Такім чынам атрымліваецца энэргія, не зьвязаная з выкідамі шкодных рэчываў, і пры гэтым практычна бясконцая. Паліва для такой рэакцыі патрабуецца няшмат, і частку яго можна здабываць з марской вады.
Аб праекце такога рэактара ўпершыню загаварыў савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў у гутарцы з прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам ў 1985 годзе. З тых часоў да яго далучыліся іншыя краіны і былі інвэставаныя калясальныя сумы. Першы тэст рэактара заплянаваны на 2025 год.
Павольнае разьвіцьцё праекту падштурхнула іншыя арганізацыі экспэрымэнтаваць з камэрамі тэрмаядзернага сынтэзу, тэарэтычнае абгрунтаваньне якога было прапанавана савецкімі навукоўцамі яшчэ ў 1950-я. Так ці інакш, у выпадку посьпеху, праблема даступнасьці энэргіі для чалавецтва можа быць вырашана ў агляднай будучыні.
Чарнобыльскі грыбок ратуе ад касьмічнай радыяцыі
У жніўні навукоўцы з Стэнфарду і Ўнівэрсытэту Паўночнай Караліны апублікавалі артыкул пра тое, што грыбок, які вырас у Чарнобылі, можа дапамагчы касманаўтам высадзіцца на Марс і нават жыць там у бясьпецы.
Такая інфармацыя зьявіліся пасьля таго, як навукоўцы, якія наведвалі Чарнобыльскую АЭС, зьвярнулі ўвагу на непрывабны чорны грыбок, які вырас унутры апрамененай зоны.
Далейшыя дасьледаваньні паказалі, што грыбок-экстрэмал здольны перапрацоўваць радыяцыю ў энэргію, што дазваляе яму квітнець на АЭС. Такая цяга да радыяцыі навяла навукоўцаў на думку даслаць узор гэтага грыбка на Міжнародную касьмічную станцыю.
Адной з галоўных перашкод для высадкі чалавека на Марс зьяўляецца касьмічная радыяцыя, зь якой касманаўты сутыкаюцца па-за межамі атмасфэры Зямлі. Таму амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA было вельмі зацікаўленае ў тым, каб паглядзець, як гэты грыбок будзе паводзіць сябе ў космасе.
Унутры МКС над датчыкам радыяцыі падрыхтавалі «лужок» для Cladosporium sphaerospermum таўшчынёй 1,7 мм. Грыбок паглынуў 2% радыяцыі на МКС. Гэты вынік можа здацца сьціплым, аднак артыкул зрабіў фурор у навуковых колах. Там робіцца выснова, што калі павялічыць таўшчыню грыбковага слоя да 21 см, ён практычна цалкам абароніць касманаўтаў ад радыяцыі.
Асабліва шматабяцальнай гэтая знаходка здаецца ў сувязі з тым, што такую цьвіль можна вырасьціць на Марсе ці на борце касьмічнага карабля, які накіруецца да «чырвонай плянэты».
«Цунамі дрэваў» у Пакістане падтрымлівае работнікаў падчас пандэміі
Каля 60 тысяч пакістанцаў, якія засталіся бяз працы і часта бяз сродкаў да існаваньня праз карантынныя абмежаваньні, знайшлі сябе на новай ніве — высадцы дрэваў.
Ініцыятыва аднаўленьня пакістанскіх лясоў і высадкі 10 мільярдаў дрэваў з 2018 па 2023 год заглухла з пачаткам пандэміі, як і ўся эканоміка краіны. Аднак рашэньне ўладаў прыпыніць высадку дрэваў неўзабаве было адменена, і адпраўленыя ў неаплатны адпачынак працоўныя зноў узяліся за справу.
Людзі, якім пагражала галодная сьмерць, цяпер штодня атрымліваюць невялікі заробак у 500 рупій (каля трох даляраў). Адзін з азеляняльнікаў расказаў карэспандэнту агенцтва Reuters: «Праз каранавірус гарады закрыліся і працы ня стала. Шмат хто з нас страціў магчымасьць зарабіць сабе на жыцьцё». Ініцыятыва высадкі дрэваў, паводле яго, азначае, што «ўсе мы зноў можам атрымліваць штодзённы заробак і пракарміць нашы семʼі».
Пафарбаваны вятрак аказаўся значна бясьпечнейшым для птушак
Нарвэскія навукоўцы знайшлі просты спосаб прадухіліць сьмерць многіх тысяч птушак, якія штогод гінуць ад лопасьцяў ветракоў.
У ліпені быў апублікаваны артыкул, заснаваны на шматгадовых дасьледаваньнях на ветранай фэрме ў Сьмёле ў Нарвэгіі. Там гаворыцца, што колькасьць загінулых птушак рэзка скарацілася пасьля афарбоўкі ў чорны колер адной з лопасьцяў на некаторых ветраных генэратарах.
Сьмерць птушак — адзін з самых эмацыйных аргумэнтаў супраць ветраэнэргетыкі. Птушкі асабліва безабаронныя перад хуткімі ветракамі, якія ў туманныя дні для іх не адрозьніваюцца ад навакольнага неба. На фэрме ў Сьмёле да пачатку дасьледаваньняў загінулі некалькі арланаў-белахвостаў.
Выкарыстоўваючы службовых сабак, каб знайсьці шкілеты птушак, навукоўцы выявілі, што пасьля афарбоўкі лопасьцяў колькасьць загінулых птушак скарацілася на 70%. Відавочна, фарба робіць ветракі больш прыкметнымі для птушак, і тыя аблятаюць небясьпечную зону.
Яшчэ трэба будзе праверыць, ці не зьяўляюцца гэтыя вынікі спэцыфічнымі для канкрэтнай мясцовасьці і відаў птушак. Ветраныя фэрмы ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і Нідэрляндах рыхтуюцца паўтарыць гэты экспэрымэнт.
Віетнам пасьпяхова змагаецца зь незаконным гандлем дзікімі жывёламі
Ужо пасьля пачатку пандэміі каранавірусу, крыніца якой, паводле некаторых зьвестак, была на сумна вядомым рынку дзікіх жывёлаў у Кітаі, Віетнам пачаў актыўную барацьбу зь незаконным гандлем жывёламі. Раней Віетнам лічыўся адным з асноўных перавалачных пунктаў такога гандлю.
У ліпені сусьветныя агенцтвы паведамілі як сэнсацыю, што Віетнам уводзіць забарону на гандаль дзікімі жывёламі, каб зьнізіць рызыку новых захворваньняў у будучыні. Экспэрты ўнутры краіны кажуць, што гэта ня так: урад проста заклікаў больш актыўна выконваць дзейныя законы. Аднак на фоне пандэміі гэты заклік не здаецца пустой рыторыкай.
Паводле зьвестак эколягаў, за апошнія два гады ў Віетнаме затрыманьні браканьераў вырасьлі на 44% адсоткі, а ў 2020 годзе 97% затрыманых кантрабандыстаў былі арыштаваныя. Пакараньні за гандаль дзікімі жывёламі таксама значна павялічыліся.