Гэты набор можна будзе набыць у аптэках без рэцэпта лекара. Паводле заявы кіраўніка FDA Стывена Гана, «пацыент зможа ўзяць мазок з носу, правесьці тэставаньне і атрымаць вынік усяго за 20 хвілін». Вытворца тэстаў, аўстралійская кампанія Ellume, паведаміла, што ў студзені яна зможа вырабіць 3 мільёны набораў для тэсту. Затым іх выпуск рэзка павялічыцца.
Меркаваная цана набору — 30 даляраў.
Гэты экспрэс-тэст выяўляе наяўнасьць у арганізме бялкоў COVID-19. Як адзначаюць спэцыялісты, гэтая тэхналёгія не гарантуе стоадсоткавай дакладнасьці вынікаў. Калі вынікі тэсту нэгатыўныя, але ў чалавека ёсьць сымптомы заражэньня каранавірусам, ён павінен зьвярнуцца да лекара, рэкамэндуе FDA.
Паводле інфармацыйнага агенцтва Associated Press, цяпер у Злучаных Штатах штодня амаль два мільёны чалавек праходзяць тэставаньне на каранавірус. Па словах экспэртаў, для кантролю за эпідэміяй колькасьць тэставаньняў павінна быць павялічана ў некалькі разоў.