Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пашле Байдэн амбасадара ў Беларусь?


Джо Байдэн, абраны прэзыдэнт ЗША
Джо Байдэн, абраны прэзыдэнт ЗША

Ці здолее прэзыдэнт Байдэн пераадолець раскол амэрыканскага грамадзтва? Зрынаньне помнікаў, рух BLM — гэта ўсё разгарыцца зь яшчэ большай моцай ці пойдзе на спад? У чым Байдэн працягне палітыку Трампа? Пры Байдэне — ці ўручыць амбасадар ЗША даверчыя граматы Лукашэнку?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць былы дыплямат, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Валер Кавалеўскі і грамадзкі дзеяч, доктар Дзьмітры Шчыгельскі.

Кавалеўскі

  • Адна з самых важных функцый прэзыдэнта ЗША — аб’яднаўчая. Амэрыка — вельмі стракатая і разнастайная. Трамп адмовіўся выконваць гэтую функцыю.
  • Менавіта Байдэн добра падыходзіць для гэтай функцыі. Ён цэнтрыст.
  • У апошнія 4 гады раскол паглыбіўся і агаліўся. І гэта ня толькі праз Трампа.
  • Байдэн — палітык. Дэмакраты не маглі не заўважыць, што іх перамога — не пераважная. У кангрэсе дэмакраты набралі менш, чым чакалася.
  • Рух BLM ссунуў амэрыканскі парадак дня вельмі ўлева. Гэтак жа і кампанія зносу помнікаў зьменшыла колькасьць людзей, якія прытрымліваліся цэнтрысцкіх поглядаў.
  • BLM вельмі дорага каштаваў дэмакратам.
  • Трамп за час свайго прэзыдэнцтва нічога не стварыў, ён толькі разбураў.
  • Трамп адмяніў шмат рэгуляваньняў у эканоміцы, Байдэн можа некаторыя з гэтых мераў захаваць.
  • Байдэн ня будзе вяртаць амбасаду ў Ізраілі з Ерусаліму.
  • Могуць захавацца некаторыя элемэнты палітыкі адносна Кітаю.
  • Да зьніжэньня коштаў на нафту прывялі захады Абамы, а ня Трампа.
  • Трамп хацеў адкрыць для здабычы нафты мора. Гэта парушае законы аб ахове навакольнага асяродзьдзя.
  • Байдэн будзе ўзважваць, ці пасылаць амбасадара ў Менск.
  • Што сёньня ў Беларусі можа зрабіць амбасадар? Праца амбасадаў у Менску зараз зводзіцца фактычна да маніторынгу.
  • Нам у офісе Ціханоўскай хацелася б, каб Вашынгтон не накіроўваў амбасадара ў Менск. Гэта супярэчыць палітыцы непрызнаньня Лукашэнкі.

Шчыгельскі

  • Я мяркую, што Байдэн паспрабуе абʼяднаць Амэрыку. Але наколькі ў яго гэта атрымаецца — цяжка сказаць.
  • Гэта сапраўды разлом па каштоўнасьцях.
  • З гісторыі мы ведаем, што калі нейкая палітычная сіла пачынае выкарыстоўваць баявыя атрады, то пасьля яна ўжо ня можа ўзяць іх пад кантроль. Наадварот, гэтыя баявыя атрады бяруць пад кантроль тую палітычную сілу, якая іх спрабавала выкарыстаць.
  • Гэта можа адбыцца і з Дэмакратычнай партыяй.
  • Некалькі апошніх дзён лібэральны друк стаў крытыкаваць Байдэна, гэта ціск на яго з боку левых.
  • Трамп спрыяў разьвіцьцю сланцавай энэргетыкі, гэта прывяло да зьніжэньня цэнаў на нафту. На Байдэна будуць ціснуць, каб ён адмаўляўся ад гэтай палітыкі.
  • Сланец абваліў цэны на нафту.
  • Паглядзіце на біржавыя каціроўкі і нізкі ўзровень беспрацоўя, якія былі да пандэміі. Гэта — заслуга Трампа.
  • Нʼю-Ёрк заўсёды галасаваў пераважна за дэмакратаў. Ён і цяпер так галасаваў, але ў значна меншай ступені, чым раней.
  • Думаю, што ЗША пашлюць амбасадара ў Менск, і даволі хутка.
  • У ЗША ёсьць нацыянальныя інтарэсы, найперш інтарэсы бясьпекі.
  • Два міжнародныя гульцы найбольш уплываюць на Беларусь — гэта Расея і Кітай.
  • І пры Байдэне КНР і РФ будуць разглядацца калі не як праціўнікі, то як краіны, якія трэба стрымліваць.
  • Я лічу, што ў палітыцы ЗША адносна Беларусі мала што зьменіцца, акрамя рыторыкі.
  • Для ЗША галоўнае — каб Беларусь ня стала часткай Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG