Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень Крыўко: «Я не зьяўляюся ўдзельнікам круглага стала Васкрасенскага»


Віталь Крыўко. Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by
Віталь Крыўко. Фота: Дар'я Буракіна, Tut.by

Вызвалены з СІЗА сябра штабу Віктара Бабарыкі Віталь Крыўко распавёў Tut.by пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА-1 і ролю Юрыя Васкрасенскага ў сваім вызваленьні.

Віталь Крыўко ўжо месяц знаходзіцца на волі, пасьля таго як выйшаў зь СІЗА № 1. Там Крыўко правёў 2,5 месяца. Крымінальную справу паводле арт. 243 ч. 2 (Ухіленьне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры) супраць яго не спынілі, але зьмякчылі меру стрыманьня на паручальніцтва. Ён расказаў Tut.by пра ўмовы зьняволеньня на «Валадарцы» і ступень удзелу ў палітычным праекце Юрыя Васкрасенскага.

Пра ўмовы ў СІЗА

Крыўко сказаў, што раней быў перакананы, што камэра на двух чалавек лепшая за камэру на 10-15 сядзельцаў, але памыляўся, бо ў большай камэры «вялікае жыцьцё». Памяняць кнігі можна два разы на месяц, таксама шмат часу на лісты і на размовы з сукамэрнікамі.

«Маючы зносіны зь людзьмі, якія знаходзяцца ў СІЗА паўтара-два гады, я пачуў так шмат, што сябе вінаваціў, бо наша грамадзтва і я разам зь ім недастаткова ўвагі ўдзяляла ўмовам утрыманьня, людзям, якія там знаходзяцца гадамі. Мне незразумела, чаму там такая сыстэма. Чаму на вокнах дагэтуль „вейкі“ — мэталічныя ўстаўкі, празь якія наагул нічога не відаць. Пра турму ты ведаеш толькі зь фільмаў, кніг, і там неба заўсёды ў клетачку. А вось ня ў клетачку яно, яго проста няма — ніякага».

Шпацыр у Крыўко быў раз на дзень, ежа — тры разы на дзень, пад’ём а 6-й раніцы, адбой а 22-й, душ — раз на тыдзень, называецца чамусьці лазьняй.

«Замест лазьні мы сутыкнуліся з рэальнасьцю „IT-краіны“ ў выглядзе душу з халоднай вадой і паловай тазіка кіпеню. Які ж абсурд і дзівацтва бачыць такое ў сучасным сьвеце. Я нават усьміхнуўся сваёй наіўнасьці і ўяўленьню пра лазьню».

Таксама былы палітвязень лічыць, што за кратамі трэба знаходзіць прычыны для ўсьмешкі, нават калі няма відавочных падстаў для гэтага. Ён упэўнены, што Марыя Калесьнікава і Максім Знак пасьпяхова праходзяць усе выпрабаваньні і знаходзяць падставы для пазытыўных думак і сьмеху.

Пра вызваленьне пад паручальніцтва Васкрасенскага і ягоны «круглы стол»

Па выхадзе зь СІЗА Віталя сустрэў Юры Васкрасенскі, які ладзіць «круглы стол дэмакратычных сіл». Той таксама паручыўся за Крыўко, каб таго выпусьцілі з «Валадаркі», і прапанаваў схадзіць на брыфінг.

«Я выйшаў зь СІЗА 12 лістапада ўвечары, брыфінг быў 13-га раніцай. Я не разумеў, пра які круглы стол ідзе гаворка. Інфармацыю ў СІЗА ты атрымліваеш даволі спэцыфічным чынам. Газэты — толькі „СБ“, па тэлевізары паказваюць тое, што паказваюць. Але затое я дакладна ведаў, што на 11 лістапада ў краіне сабрана 95% ураджаю кукурузы. Потым я хацеў, але забыўся высьветліць, ці дазьбіралі яшчэ 5%».

Па словах Крыўко, яшчэ падчас брыфінгу Васкрасенскі зразумеў, што ён не займаецца палітычнай дзейнасьцю ў рамках «Круглага стала дэмакратычных сіл».

Віталь Крыўко глыбока перакананы, што любая дыялёгавая пляцоўка запрацуе толькі тады, калі там будуць сядзець Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Максім Знак і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек, думкам якіх давярае краіна. На думку Крыўко, «цяпер трэба рабіць усё, каб гэтыя людзі выйшлі на свабоду».

Калі б я і ўступаў у нейкі дыялёг, дык толькі ў складзе каманды, зь якой я працаваў у штабе Бабарыкі. Цяпер 40% штабу Бабарыкі сядзіць, 40% за мяжой, і толькі 20% могуць свабодна перамяшчацца па Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG