Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне сказалі, што я павінна выбіраць паміж дзецьмі і турмой». Ціханоўская расказала, што было ў ЦВК і як яе вывезьлі ў Літву


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

У інтэрвію The New Yorker Сьвятлана Ціханоўская сярод іншага расказала, што адбывалася ў Цэнтравыбаркаме, пасьля візыту ў які яна апынулася ў Літве. А таксама, хто раней дапамог вывезьці ейных дзяцей.

— Мне сказалі, што я павінна выбіраць паміж дзецьмі і турмой. Я, вядома, выбрала, дзяцей. Азіраючыся назад, я разумею, што людзі, якія прапаноўвалі мне гэты выбар, маглі блефаваць. Але я не была гатовая. Я не магу сказаць вам канкрэтна, што яны сказалі і чым пагражалі мне, але яны вельмі падрабязна расказалі пра тое, што мяне чакае.

— Хто былі гэтыя людзі, якія з вамі размаўлялі?

— Высокапастаўленыя супрацоўнікі праваахоўных органаў.

— І гэта адбывалася проста ў Цэнтравыбаркаме?

— Так. Там са мной пагутарылі, а потым адвезьлі дадому чакаць ад’езду зь Менску. Я прыйшла ў выбаркам а трэцяй гадзіне дня, а ў сем вечара мяне вывелі. Да дзясятай ці адзінаццатай гадзіны ночы я ўжо выяжджала з гораду. Мае дзеці былі ў Літве.

— Як доўга вашыя дзеці былі ў Вільні да таго часу?

— Месяц. Я вывезла іх з краіны пасьля таго, як мне пазванілі і сказалі: «Вам лепей спыніць зьбіраць подпісы, інакш вас арыштуюць, а вашых дзяцей адправяць у дзіцячы дом, бо іхныя бацькі абое будуць за кратамі». Я была ў сьлязах — прабач, я жанчына, — і я была страшэнна напужаная, але сябры сказалі: «Мы выдадзім дзецям візы і хутка вывезем іх з краіны». Гэта прымусіла мяне адчуць сябе спакайней.

Калі Сяргея арыштавалі, я засталася адна. Я пазнаёмілася з парай, Аляксандрам і Марыяй Мароз, і мы вельмі зблізіліся. Яны былі са мной цягам усяе кампаніі. Аляксандар дапамог вывезьці дзяцей з краіны, ён пакінуў сваю сямʼю, каб паехаць з маімі дзецьмі.

Марыя заставалася са мной да канца — яе затрымалі проста перад выбарамі, каб чыніць на мяне ціск. І калі мне давялося ехаць, я папрасіла, каб ёй дазволілі ехаць са мной. Яна, ейныя дзеці і я зьехалі разам. Цяпер мы ўсе жывём у адным доме — яны з дваімі сваімі дзецьмі, двое маіх дзяцей і я. Іхным дзецям чатырнаццаць і тры гады, а маім — дзесяць і пяць. Мы вельмі добра ладзім.

Цалкам пераклад інтэрвію на расейскую мову апублікаваў Tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG