Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфляцыя ў Беларусі за 11 месяцаў склала 6,6 працэнта. Што падаражэла найбольш?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У лістападзе 2020 году спажывецкія цэны ў параўнаньні з папярэднім месяцам вырасьлі на 0,7%, у параўнаньні са сьнежнем 2019 году — на 6,1 працэнта, гадавая інфляцыя склала 6,6 працэнта.

«Рост спажывецкіх цэн у гадавым вымярэньні на 0,4% шмат у чым абумоўлены падаражэньнем за апошнія 12 месяцаў асобных нехарчовых тавараў і харчовых тавараў крытычнага імпарту (перш за ўсё за кошт паслабленьня беларускага рубля і неспрыяльнай замежнай каньюнктуры)», — патлумачылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі (МАРГ).

Што падаражэла найбольш

Паводле МАРГ, у гадавым вымярэньні па-ранейшаму найбольш вырасьлі цэны на тавары, імпартаваныя з-за мяжы (на фоне курсавых ваганьняў):

  • Алей — падаражэў на 24,2%,
  • электратавары — на 13,4%,
  • тэлевізары — на 7,1%,
  • сынтэтычныя мыйныя сродкі — на 9,4%.

Рост цэн за год на садавіну і агародніну паскорыўся да 10,5% (9,2% месяц таму).

У параўнаньні з папярэднім месяцам у лістападзе найбольш падаражэлі:

  • бульба — на 3,1%,
  • памідоры — на 30,2%,
  • агуркі — на 20,1%,
  • перац — на 8,5%

На іншую гародніну цэны зьнізіліся (на 1,1–3,8%). Садавіна патаньнела на 2,9–5,6%.

У групе харчовых тавараў падаражэлі:

  • мяса і мясапрадукты — на 0,5%,
  • малако і малочныя прадукты — на 0,8%,
  • алеі і тлушчы — на 2,8%,
  • яйкі курыныя — на 5,2%,
  • цукар — на 7,2%.

Адначасова запаволіўся рост цэнаў на крупы (з 11,8% у кастрычніку да 9,9% у лістападзе), а таксама на рыбу і рыбапрадукты (з 6,8% у кастрычніку да 6,6% у лістападзе).

Сярод нехарчовых тавараў — на 2,5% патаньнеў абутак, нязначна зьнізіліся цэны на парфумэрна-касмэтычныя тавары, у цэлым адзначаецца памяркоўная дынаміка цэн.

Таксама ў лістападзе (у параўнаньні з кастрычнікам) плянава павялічаныя тарыфы на ацяпленьне (на 7,1%) і паслугі сувязі (на 2,5%). Адзначаецца рост цэнаў на цыгарэты (на 0,6%) і гарэлку (на 0,2%). На фоне курсавых ваганьняў на 1,7% падаражэлі лекі.

У сфэры рэгуляванага цэнаўтварэньня за месяц прырост цэн і тарыфаў у гадавым вымярэньні склаў 6,5%, удакладняюць у МАРГ.

Гадавы прырост цэн на асобныя тавары і паслугі:

  • паслугі ЖКХ падаражэлі на 8,4%,
  • пладоваагароднінная прадукцыя — на 10,5%,
  • пасажырскі транспарт — на 15,5%,
  • лекі — на 8%,
  • адзеньне — на 4,2%.

Паводле плянаў ураду і Нацбанку, інфляцыя ў 2020 годзе не павінна перавысіць 5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG