На гэтыя і іншыя пытаньні ў інтэрвію выданьню KYKY.ORG адказаў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка.
— Хто аплачвае дыпляматычныя паездкі Ціханоўскай?
— Кватэру і ахову дае Літва. Паездкі аплачвае бок, які прымае. Напрыклад, візыт у Данію аплачваў часопіс «Politiken», які ўручаў Сьвятлане прэмію Свабоды. Візыт у Польшчу — адзін з унівэрсытэтаў, дзе Ціханоўская выступала з прамовай. У Вене выдаткі ўзялі на сябе арганізатары канфэрэнцыі аб парадку дня для Ўсходняй Эўропы.
Сьвятлана не атрымлівае ніякіх грошай ад урадаў іншых краінаў. Ёсьць і мэцэнаты, у тым ліку сярод беларускіх бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць працу офісу ў Літве. І толькі нядаўна зьявілася магчымасьць выплачваць нейкія заробкі супрацоўнікам. Раней усе працавалі бясплатна.
— А Сьвятлана Ціханоўская атрымлівае заробак?
— Так, яна гэтак жа нядаўна стала атрымліваць заробак. Але гэта невялікія грошы.
— Невялікія — гэта тысяча эўра, дзесяць тысяч эўра?
— Гэта сярэдні віленскі заробак, які складае прыкладна 1200 эўра на месяц.
— У адным са сваіх інтэрвію вы сказалі, што працягваюцца кансультацыі і адбываецца дыялёг з прадстаўнікамі Лукашэнкі. Што за дыялёг? Аб чым удалося дамовіцца?
—Было некалькі тэлефонных размоваў з Андрэем Савіных, які прадстаўляе Беларусь у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ [Андрэй Савіных — былы дыплямат, старшыня камісіі па міжнародных справах палаты прадстаўнікоў. — РС]. І праз пасярэднікаў АБСЭ мы перадавалі паведамленьні людзям [міністра замежных спраў Уладзімера] Макея і адміністрацыі прэзыдэнта, у тым ліку наконт пачатку перамоваў. У верасьні і напачатку кастрычніка ў нас быў добры кантакт, але ў лістападзе ўсё заглухла.
Цяпер калі і адбываецца перапіска, то халодная, а часам і хамская. У гэтых лістах гаворыцца, што Ціханоўская і яе каманда адарваліся ад народу, таму так званай уладзе з намі няма пра што размаўляць.
Тым ня менш магу пацьвердзіць, што ў Сьвятланы ёсьць магчымасьць перадаць Лукашэнку любое паведамленьне — яго пакладуць проста на стол так званаму прэзыдэнту.
Але Лукашэнка баіцца перамоваў і паводзіць сябе як шызафрэнік у бункеры. Магчыма, ён сапраўды лічыць, што ўсе яго любяць і абагаўляюць, а ворагі хочуць рэалізаваць плян Далеса. Ён баіцца страціць кантроль над сытуацыяй. Таму сёньня ўсё менш і менш шанцаў на тое, што з Лукашэнкам будуць якія-небудзь перамовы.