Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Нясьвіскага замку-музэю звольнілі шматгадовага дырэктара, які ў жніўні ўзьняў там бел-чырвона-белы сьцяг


Бел-чырвона-белы сьцяг над Нясьвіскім палацам
Бел-чырвона-белы сьцяг над Нясьвіскім палацам

Дырэктар Нясьвіскага замку-музэю Сяргей Клімаў узначальваў установу 10 гадоў. Цяпер яго звольнілі ў аднабаковым парадку, піша «Наша Ніва».

Клімаў прыйшоў на пасаду, калі замак быў у заняпадзе. Але дырэктар дамовіўся з нашчадкамі Радзівілаў аб вяртаньні пэўных экспанатаў у Беларусь, за кароткі час істотна павялічыў калекцыю замку. За гэта ў 2016-м Нясьвіж адзначылі прэстыжнай культурніцкай прэміяй «Europa Nostra».

Клімава звольнілі паводле артыкулу 259 Працоўнага кодэксу. Раней паводле гэтага артыкулу звальнялі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку.

Сяргей Клімаў абураны такім абыходжаньнем. Ён заявіў, што нават сёлета, падчас пандэміі і рэзкага зьніжэньня колькасьці турыстаў, музэй пад яго кіраўніцтвам прыняў 170 тысяч наведнікаў. За 2020 год Нясьвіскі замак-музэй зарабіў 800 тысяч даляраў.

Сёлета ў жніўні пасьля выбараў над Нясьвіскім палацам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.

«Па-сабачы, цішком мяне звальнялі, нібыта нешта скраўшы, абы ніхто не даведаўся. Пазваніў шараговы супрацоўнік Міністэрства культуры і сказаў, што міністар прапанаваў мне напісаць заяву на звальненьне. Але я адмовіўся».

Праз пару гадзін Клімаву паступіў званок пра тое, што яго ўжо звольнілі і заўтра ён можа прыбыць у міністэрства азнаёміцца з паперай.

Але ніякіх прычын ніхто Клімаву не патлумачыў.

«Адныя нейкія намёкі: „Ну вы ж разумееце...“. Не, я не разумею!»

Клімаў кажа, што не прападзе, але ня думае, што ў будучыні будзе мець справы з Міністэрствам культуры. Ён адзначае, што яму ўвесь час ішлі прапановы з замежжа, і цяпер ён гатовы іх разглядаць. Цяпер ужо экс-дырэктар кажа, што зьдзіўлены тым, што ні ў кога ў Міністэрстве не знайшлося мужнасьці сустрэцца зь ім і шчыра пагаварыць пра сытуацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG