3 сьнежня а 17:30 затрымалі дзяўчыну былога сьледчага СК Яўгена Юшкевіча, які толькі што сам выйшаў зь СІЗА на Валадарскага. Гэта пацьвердзіў парталу TUT.BY сам Яўген са словаў адваката. Праз 6 гадзін яе адпусьцілі.
Паводле адваката, Валерыю Эйсмант затрымаў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі каля 17.30. Яе даставілі ў СІЗА. А 23:38 Яўген Юшкевіч напісаў у «Твітэры», што ў Валерыі «забралі ўсё, што было» і адпусьцілі.
Як паведаміў Яўген, Валерыя раней працавала ў пракуратуры, але не была службовай асобай. Ён тлумачыць, што аб працы яны не гаварылі прынцыпова, бо гэта магло паставіць яе ў небясьпечнае становішча. Паводле яго, службовую інфармацыю яны не абмяркоўвалі.
Яўгена Юшкевіча затрымалі 24 лістапада, каля 22.00, у ягонай кватэры ў Менску, дзе таксама прайшоў ператрус. Ён праходзіць падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Яму абралі меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай, але пасьля правядзеньня сьледчых дзеяньняў сёньня зьмянілі яе на падпіску аб нявыезьдзе.