Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня хочам, каб Беларусь ператварылася ў ГУЛАГ». Алеся Бяляцкага і «Вясну» ўзнагародзілі прэміяй «За годны лад жыцьця»


Алесі Бяляцкі на ўзнагароджаньні міжнароднай прэміяй «За годны лад жыцьця – 2020» («Right Livelihood Award»). Стакгольм, 3 сьнежня 2020 году.
Алесі Бяляцкі на ўзнагароджаньні міжнароднай прэміяй «За годны лад жыцьця – 2020» («Right Livelihood Award»). Стакгольм, 3 сьнежня 2020 году.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі і сама арганізацыя сталі першымі беларускімі ляўрэатамі прэстыжнай міжнароднай узнагароды «Right Livelihood Award».

На цырымоніі ўзнагароджаньня Алесь Бяляцкі заклікаў міжнародную супольнасьць да падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, каб краіна «не ператварылася ў ГУЛАГ», а таксама згадаў ціск на праваабаронцаў з боку міліцыі, перадае сайт «Вясны».

Узнагароду прысудзілі за вялікую ролю ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі. Цырымонія адбылася 3 сьнежня ў Стакгольме.

Алесь Бяляцкі заявіў, што ўручэнне гэтай узнагароды адбываецца ў той час, калі ў Беларусі ідзе мірная рэвалюцыя:

«Паўгода беларускае грамадзтва вядзе захапляльную барацьбу за правы чалавека, дэмакратыю і справядлівасьць, барацьбу за правы называцца народам, як казаў наш клясык Янка Купала, барацьбу з апошнім дыктарам Эўропы і яго рэжымам, які ён будаваў больш 26 гадоў. І гэта барацьба не праходзіць без ахвяр.

У гэты няпросты для нас час прэстыжная прэмія зьяўляецца для нас, праваабаронцаў «Вясны», моцнай маральнай падтрымкай. Гэта ясны сыгнал беларускім уладам пра тое, што сьвет ніколі не будзе мірыцца з масавымі парушэньнямі правоў чалавека. Калі мы ня хочам, каб Беларусь ператварылася ў ГУЛАГ, трэба падтрымліваць беларускі народ сёньня і цяпер».

Акрамя таго, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» сказаў, што ў адрас цэнтру пастаянна паступаюць пагрозы з боку спэцпадразьдзяленьня міліцыі. Нягледзячы на пагрозы, праваабаронцы не спыняюць дапамогі рэпрэсаваным.

У 2020 годзе 18 сяброў і валянтэраў «Вясны» арыштоўвалі і затрымлівалі. У кастрычніку Марына Кастылянчанка правяла ў турме месяц. Трэці месяц пад сьледзтвам каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валянтэр Андрэй Чапюк. Іх затрымалі за тое, што яны арганізоўвалі прадуктовыя перадачы для палітычных зьняволеных у Менску, і завялі крымінальную справу.

Акрамя праваабаронцаў зь Беларусі, сёлета ўзнагароду атрымалі іранская адвакатка Насрын Сатудэх, амэрыканскі актывіст руху за грамадзянскія правы Браян Стывэнсан і экаактывістка Лоці Канінгэм Рэн зь Нікарагуа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG