Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі ЗША не знайшло доказаў парушэньняў на выбарах


Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар
Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар

Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар заявіў у аўторак, што міністэрства юстыцыі ня выявіла доказаў маштабных фальсыфікацыяў вынікаў галасаваньня, якія маглі б зьмяніць вынік прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Бар заявіў пра гэта, нягледзячы на неаднаразовыя сьцьвярджэньні прэзыдэнта Дональда Трампа пра фальсыфікацыі і пра тое, што яго перамога на выбарах была скрадзеная.

У інтэрвію Associated press Бар паведаміў, што генэральная пракуратура і агенты ФБР праводзяць расьсьледаваньні канкрэтных скаргаў, у прыватнасьці, заявы Трампа аб тым, што электронныя машыны для галасаваньня сказілі волю выбаршчыкаў. Аднак «пакуль мы ня бачылі фальсыфікацыяў у тым маштабе, які прывёў бы да іншага выніку выбараў», — сказаў генпракурор ЗША.

Уільям Бар заўсёды лічыўся адным з самых адданых саюзьнікаў прэзыдэнта Трампа. Перад выбарамі ён неаднаразова казаў пра тое, што шырокамаштабнае галасаваньне па пошце можа быць асабліва ўразьлівым для фальсыфікацыяў.

У мінулым месяцы Бар выдаў дырэктыву для пракурораў па ўсёй краіне, якая дазваляе ім расьсьледаваць любыя «істотныя абвінавачаньні» у парушэньнях, дапушчаных пры галасаваньні. Гэты загад даў пракуратуры магчымасьць дзейнічаць насуперак звычайнай палітыцы міністэрства юстыцыі, якая забараняе праводзіць такія расьсьледаваньні да афіцыйнага прызнаньня вынікаў выбараў.

Штаб Трампа падаў некалькі судовых пазоваў у ключавых для зыходу выбараў штатах, спрабуючы аспрэчыць вынікі галасаваньня. Аднак гэтыя зыскі неаднаразова адхіляліся, у тым ліку судзьдзямі-рэспубліканцамі, якія прызнавалі скаргі неабгрунтаванымі.

Вісконсын і Арызона пацьвердзілі перамогу Байдэна на выбарах. 1 сьнежня штат Вісконсын пасьля частковага пераліку галасоў сэртыфікаваў перамогу кандыдата ад дэмакратаў Джо Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах.

Таксама ўчора каманда Трампа падала пазоў у Вярхоўны суд штату Вісконсын, патрабуючы прызнаць несапраўднымі звыш 221 тысячы бюлетэняў.

Для абраньня прэзыдэнтам Злучаных Штатаў кандыдату неабходна набраць 270 галасоў у калегіі выбаршчыкаў. Байдэн па выніках галасаваньня 3 лістапада забясьпечыў сабе 306 такіх галасоў, у Трампа — 232. Афіцыйна аб пераможцы прэзыдэнцкіх выбараў ЗША будзе абвешчана 14 сьнежня на пасяджэньні калегіі электараў.

Дональд Трамп дапускае, што будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта ў 2024 годзе. Пра гэта ён заявіў падчас выступу перад чальцамі нацыянальнага камітэту Рэспубліканскай партыі. «Гэта былі выдатныя чатыры гады. Мы спрабуем зрабіць яшчэ чатыры гады. Калі не, убачымся з вамі праз чатыры гады», — цытуе словы Трампа выданьне Politico.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG