Аб прысудах паведамляе тэлеграм-канал «Списки Задержанных».
Першай, каго асудзілі за ўдзел у гэтым маршы, стала Рыма Сярогіна 1962 году нараджэньня. Судзьдзя Кацар з суду Маскоўскага раёну Менску асудзіла яе на 15 сутак. Пэнсіянэрку затрымалі на вуліцы Гарадзкі Вал.
Сяргея Рашэтнікава, якога таксама зьмясьцілі 30 лістапада ў ізалятар, судзіў праз Skype суд Цэнтральнага раёна сталіцы. Мужчына не карыстаўся паслугамі адваката. Ён быў асуджаны на 15 сутак. Вырак вынес судзьдзя Дзьмітры Карсюк, які агучыў адзін з прысудаў Міс Беларусь-2008 Вользе Хіжынковай.
Раней за ўдзел у маршах пэнсіянэраў не затрымлівалі і не судзілі. Агулам 30 лістапада схапілі каля 20 удзельнікаў акцыі.