Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калесьнікава дала інтэрвію з турмы: «Рэжым пераступіў усе межы, у ім больш не засталося нічога людзкага»


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Спатрэбілася шмат спробаў і тыдняў, каб перадаць рэдакцыі часопіса Der Spiegel адказы для інтэрвію. У гутарцы, апублікаванай 29 лістапада, Марыя Калесьнікава ўсклала на ўлады ўсю адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі.


Журналістам нямецкага часопіса Der Spiegel удалося наладзіць кантакт з сябрам прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыяй Калесьнікавай, якая амаль тры месяцы знаходзіцца ў зьняволеньні. Інтэрвію перадрукавала Нямецкая хваля.

Калесьнікава падзялілася думкамі пра гвалт сілавікоў і магчымасьці дыялёгу з Лукашэнкам.

Кажучы пра затрыманьні тысяч чалавек і гібель мастака Рамана Бандарэнкі, яна заявіла, што «ніякае жаданьне ўтрымацца ва ўладзе не можа апраўдаць такога маштабу гвалту». Манаполіяй на ўжываньне сілы валодае кіраўніцтва краіны, таму толькі яно нясе адказнасьць за злачынствы.

«Яно адмяняе законы нашай краіны: мірных грамадзян б’юць, катуюць, калечаць і забіваюць за іхныя погляды. Мы жывем у паліцэйскай дзяржаве», — сказала Марыя Калесьнікава.

Каардынатарка штабу прэтэндэнта Віктара Бабарыкі назвала некалькі ўмоваў для магчымага дыялёгу з Аляксандрам Лукашэнкам. Па-першае, ён павінен адбывацца на волі, а не ў турме. Па-другое, добраахвотна, а не ў прымусовым парадку.

«Дакуль мы як закладнікі сядзім у турме, дыялёг ня мае ніякага сэнсу, — упэўненая Калесьнікава. — Беларускае кіраўніцтва павінна спачатку выканаць галоўныя патрабаваньні нашага народу: вызваліць палітвязьняў і пачаць расьсьледаваць злачынствы супраць людзей».

Абвешчаную Лукашэнкам канстытуцыйную рэформу яна расцэньвае як спробу рэжыму падмануць народ і ўтрымацца ва ўладзе.

Апісваючы стан беларускага грамадзтва пасьля амаль чатырох месяцаў пратэстаў, яна заявіла, што відавочны крызіс даверу да кіраўніцтва і ўсіх дзяржаўных інстытутаў. Паводле яе, законы ў краіне не выконваюцца, а гвалт заахвочваецца. Тысячы людзей пабітыя і параненыя сілавікамі, аднак не пачата ніводная крымінальная справа.

«Народ не забудзе гэтага жаху, барацьба будзе доўжыцца да таго часу, пакуль кіраўніцтва не выслухае нас. Рэжым пераступіў усе межы, у ім больш не засталося нічога чалавечага. Гэта абсалютнае зло, якое павінна быць спыненае», — заявіла Марыя Калесьнікава ў інтэрвію Der Spiegel.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG