Днямі Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачаньне ў распальваньні сацыяльнай варожасьці. Гэта адбылося акурат перад сканчэньнем тэрміну ягонага ўтрыманьня пад вартай паводле папярэдніх абвінавачаньняў, піша Tut.by.
Ціханоўскі ў СІЗА ўжо паўгода, яго мусілі ці адпусьціць, ці накіраваць справу ў суд. Паводле новага абвінавачаньня яго могуць трымаць пад вартай яшчэ 18 месяцаў.
Адвакат Віктар Мацкевіч сказаў, што Ціханоўскі «надзвычай абураны» новым абвінавачаньнем.
Сяргею Ціханоўскаму выстаўлена абвінавачаньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (у сувязі з падзеямі ў Горадні 29 траўня, калі Ціханоўскага затрымалі),
- перашкода працы Цэнтральнай выбарчай камісіі (заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына),
- распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці, учыненае групай асобаў або якое спрычынілася ад неасьцярожнасьці да сьмерці чалавека або іншых цяжкіх наступстваў (да 12 гадоў зьняволеньня),
У артыкуле 127 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу сказана, што падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай звыш шасьці месяцаў дапускаецца толькі да асобаў, абвінавачаных ва ўчыненьні цяжкіх ці асабліва цяжкіх злачынстваў.
Сяргей Ціханоўскі — адзін зь першых палітычных вязьняў гэтага году. Цяпер іх 145.