Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненыя акторы Купалаўскага выступілі ў онлайн-прэзэнтацыі кнігі пра гвалт у Беларусі пасьля выбараў. ВІДЭА


Мэтро «Пушкінская» ў Менску , надпіс «Не забудзем» ля мэмарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму, 15 жніўня 2020 году.
Мэтро «Пушкінская» ў Менску , надпіс «Не забудзем» ля мэмарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму, 15 жніўня 2020 году.

Паводле ўкладальнікаў кнігі, жнівень 2020 году для Беларусі застанецца ў гісторыі гераічнай і трагічнай старонкай.

У кнігу ўвайшлі 139 публікацый беларускіх СМІ, якія сьведчаць пра катаваньні і перасьлед людзей, якія мірна пратэставалі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Аповеды гэтых людзей агучаныя галасамі актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатру Янкі Купалы, якія пакінулі тэатар на знак пратэсту супраць гвалту.

«Беларусь у фокусе», Беларускі прэс-клюб, незалежныя беларускія СМІ, Бeларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), незалежная арганізацыя «Прававая ініцыятыва», Праваабарончы цэнтар «Вясна» прадставілі кнігу «Ў пошуках правасудзьдзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі».

У кнізе сабраныя дзясяткі публікацый беларускіх СМІ, якія сьведчаць пра катаваньні і іншыя формы жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, якія мірна пратэставалі супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Паводле ўкладальнікаў кнігі, жнівень 2020 году для Беларусі застанецца ў гісторыі гераічнай і трагічнай старонкай:

«У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана права на свабоду мірных сходаў як адно з асноўных правоў чалавека. Мы са шкадаваньнем канстатуем, што гэтае права было патаптана тымі самымі інстытутамі, якія павінны яго абараняць. Тысячы чалавек у розных гарадах краіны былі затрыманыя, сотні перажылі зьдзекі ў зьняволеньні, дзясяткі трапілі ў бальніцы, лёс некаторых дагэтуль невядомы».

У кнізе «Ў пошуках правасудзьдзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі» сабраны апублікаваныя ў беларускіх СМІ гісторыі людзей з усёй краіны, якія патрабуюць прававой ацэнкі і расьсьледаваньня. У выданьне ўвайшлі публікацыі незалежных мэдыя: Tut.by, Naviny.by, Радыё Свабода, «Наша Ніва», Onliner, Euroradio, рэгіянальных СМІ — Hrodna.life, Магілёў.Онлайн, «Першы Рэгіён», Intex-press, «Брэсцкая газэта», «Медыя-Палессе», «Рэгіянальная газэта», «Моцныя навіны».

«Мы пачалі зьбіраць гэтую кнігу ў тыя дні, калі ўся Беларусь захлынулася ад навін аб тым, што рабілася трое сутак у засьценках шматлікіх РАУС, СІЗА і турмах. Тады, здавалася, нават улады былі ўражаныя размахам гвалту, міністар унутраных спраў паспрабаваў прынесьці няўклюдныя прабачэньні. Гучалі абяцаньні ва ўсім разабрацца і правесьці расьсьледаваньні.

У Сьледчы камітэт пададзена больш за дзьве тысячы заяў па фактах катаваньняў і сьмерцяў з 9 па 13 жніўня, але ніводнай крымінальнай справы дагэтуль не заведзена. Замест гэтага з самага верху чутны словы пра «дэманстрацыі сінякоў» і пра «дзяўчат», якім «попы фарбавалі сіняй фарбай». І наогул, што нібыта варта «перагарнуць гэтую старонку», — пішуць укладальнікі.

Але спачатку трэба прачытаць гэтыя старонкі, заклікаюць стваральнікі кнігі «Ў пошуках правасудзьдзя. Гісторыі гвалту ў Беларусі». Тут спасылкі на кнігу па-расейску і па-ангельску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG