Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская разьлічвае, што Байдэн узмоцніць ціск на Беларусь


Сьвятлана Ціханоўская ў Гаазе, Нідэрлянды, 20 лістапада 2020
Сьвятлана Ціханоўская ў Гаазе, Нідэрлянды, 20 лістапада 2020

Лідэрка беларускай апазыцыі лічыць, што гэта стане ключавым фактарам у аказаньні націску на Лукашэнку.

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію амэрыканскаму тыднёвіку Newsweek выказала надзею, што Белы дом пры прэзыдэнту Джо Байдэну падтрымае яе імкненьне адхіліць ад улады Аляксандра Лукашэнку.

Знаходзячыся ў выгнаньні ў суседняй Літве, Ціханоўская сказала, што з аптымізмам глядзіць на ролю, якую можа адыграць абраны прэзыдэнт Джо Байдэн у адхіленьні ад улады Лукашэнкі, які абапіраецца на падтрымку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, каб застацца ва ўладзе.

«Упэўненая, што Джо Байдэн выканае свае абяцаньні, якія тычацца яго стаўленьня да Беларусі і гэтага рэжыму, — заявіла яна часопісу Newsweek зь Вільні. — Мы ведаем, што ён выступае за дэмакратыю і будзе падтрымліваць беларускі народ і беларускае грамадзтва», — дадала яна.

У кастрычніку Байдэн заявіў, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам ён узмоцніць ціск на Лукашэнку, дадаўшы, што прэзыдэнт Дональд Трамп «адмаўляецца падымаць голас у інтарэсах» беларускага народу.

Байдэн заклікаў да міжнароднага падыходу да санкцый у дачыненьні да Лукашэнкі, заявіўшы: «Я буду і далей стаяць на баку народу Беларусі і падтрымліваць яго дэмакратычныя памкненьні».

Ціханоўская мяркуе, што ўплыў ЗША будзе ключавым фактарам у ціску на Лукашэнку.

«Мы лічым, што эканамічныя санкцыі — адзін з самых важных спосабаў ціску на рэжым, бо Лукашэнка атрымлівае фінансавую падтрымку з-за мяжы, у яго ёсьць грошы на спэцназ, на гвалт, на забойствы і катаваньні», — сказала яна.

«Джо Байдэн займае моцную пазыцыю ў беларускім пытаньні. Спадзяюся, ён выканае тое, пра што ён казаў. Думаю, ён будзе сьмялейшы ў сваіх рашэньнях і дзеяньнях у дачыненьні да Беларусі», — дадала Ціханоўская.

«Эўропа займае магутную пазыцыю ў беларускім пытаньні, але там так шмат краін, што часам усё адбываецца вельмі марудна і цяжка», — заявіла Ціханоўская выданьню Newsweek.

«Калі ЗША акажуць ціск на рэжым, я ўпэўненая, што Эўропа будзе больш актыўнай», — дадала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG