Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-савецкая вайна 1920 году


1919 год. Частка партызанскага аддзелу капітана Лукаша Семенюка (Сяменіка), у 1920 годзе камандзіра Другога Грозаўскага палка Слуцкай брыгады (стаіць у цэнтры).
1919 год. Частка партызанскага аддзелу капітана Лукаша Семенюка (Сяменіка), у 1920 годзе камандзіра Другога Грозаўскага палка Слуцкай брыгады (стаіць у цэнтры).

26 лістапада 2020 году споўнілася 100 гадоў з таго часу, як арганізаваныя ў вайсковую брыгаду жыхары Случчыны пачалі баявыя дзеяньні за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пратэст супраць падзелу Беларусі

У 1919-1920 гадах адбылася польска-савецкая вайна, падчас якой большая частка Беларусі была акупаваная польскімі войскамі. 12 кастрычніка 1920 году ў Рызе была падпісаная прэлімінарная дамова аб міры паміж Польшчай і РСФСР, якая прадугледжвала падзел Беларусі і прызнаньне марыянэткавай БССР у складзе тэрытарыяльна абкарнанай Меншчыны.

Палітыкаў і насельніцтва Беларусі гэта абурыла. На тэрыторыі краіны пачаліся масавыя, у тым ліку ўзброеныя, выступленьні і захопы савецкіх установаў. Нават сяляне выказваліся за незалежную беларускую рэспубліку і за сваю беларускую армію. Пратэсты мелі месца на Барысаўшчыне, Ігуменшчыне, Койнадаўшчыне, Радашковіччыне і ў іншых месцах.

У лістападзе 1920 году тэрыторыя Случчыны апынулася па-за кантролем як польскіх войскаў, якія адышлі на захад, так і савецкіх, якія яшчэ на Случчыну не прыйшлі. У сярэдзіне лістапада ў Слуцку сабраўся зьезд Случчыны з удзелам 107 правадзейных дэлегатаў з усіх валасьцей і мястэчак рэгіёну. Зьезд абраў Раду Случчыны, абвясьціў Случчыну тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі і заклікаў да ўзброенага змаганьня за незалежнасьць Беларусі.

Пачалася мабілізацыя. Усяго за некалькі дзён пад кіраўніцтвам прафэсійных вайскоўцаў-беларусаў была створаная рэгулярная вайсковая брыгада ў складзе двух палкоў — Першага Слуцкага і Другога Грозаўскага. Агульная колькасьць брыгады складала чатыры тысячы чалавек. 26 лістапада брыгада ўступіла ў першы бой з бальшавікамі.

Няроўнае змаганьне за Случчыну зь пераважнымі сіламі савецкай Расеі працягвалася крыху больш за месяц. У канцы сьнежня случакі перайшлі дэмаркацыйную лінію да палякаў і былі раззброеныя. Але ня ўсе. Некаторыя аддзелы як партызанскія атрады ваявалі з бальшавікамі ў БССР да сярэдзіны 20-х гадоў.

Што гэта было

З таго часу гэтая падзея вядомая пад дзьвюма назвамі — Слуцкае паўстаньне і Слуцкі збройны чын. Першая выкарыстоўвалася самімі ўдзельнікамі баёў і савецкімі прапагандыстамі, другая трывала замацавалася ў беларускай эмігранцкай публіцыстыцы, адкуль у 80-90-я гады ХХ стагодзьдзя трапіла ў Беларусь.

Падчас юбілейнага інтэрвію з гісторыкам беларускага ўзброенага супраціву, аўтаркай кнігі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву: 20-я гг. ХХ ст.» Нінай Стужынскай мы абмеркавалі і пытаньне назвы той падзеі.

Паўстаньнем яе называць нельга з чыста фармальнага пункту гледжаньня, бо паўстаньне адбываецца на нейкай тэрыторыі супраць таго, хто тэрыторыю кантралюе, а Случчына тады была вольнай. Таму і прыдумалі назву «Слуцкі збройны чын».

Ніна Стужынская сказала, што па сутнасьці, гэта была «ваенная антысавецкая і антыпольская акцыя 1920 году». Таксама яна прапанавала тэрмін «Сялянскі фронт БНР», а я ў адказ — «Слуцкі фронт БНР». Таксама Ніна Стужынская расказала, што некаторыя гісторыкі-тэарэтыкі прыраўноўваюць Слуцкія падзеі да так званых мяцежавых войнаў, такіх як Чачэнскай вайны або вайна на Данбасе.

Адзін са штандараў случакоў
Адзін са штандараў случакоў

На гэтым нашы тэрміналягічныя пошукі скончыліся і мы перайшлі да іншых тэмаў. Але праблема назвы пасьля інтэрвію мучыла мяне цэлы дзень, аж да таго часу, пакуль у галаве не сфармуляваўся адказ. Вось ён.

Час называць рэчы сваімі імёнамі

Беларуская гістарычная навука ўжо дастаткова добра забясьпечаная крыніцамі і літаратурай аб палітычных падзеях 1918-1921 гадоў і здольная рабіць самастойныя ацэнкі той ці іншай зьявы.

Калі мы прызнаем гістарычны і юрыдычны факт існаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі і яе правапераемнасьць ад волевыяўленьня амаль дзьвюх тысяч дэлегатаў Усебеларускага зьезду 1917 году, то ня можам не прызнаць і наступнага ланцугу лягічных развагаў.

Улічваючы

  • што ў лістападзе 1920 году тэрыторыя Случчыны законным чынам стала тэрыторыяй БНР,
  • што кіраўніцтва БНР прыслала на Случчыну сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў, у тым ліку кіраўніка Беларускай вайсковай камісіі і міністра БНР
  • што Слуцкая брыгада была рэгулярным вайсковым фармаваньнем БНР з усімі прыкметамі і структурай такога фармаваньня, а менавіта
  • мела свой сьцяг-штандар
  • кіравалася прафэсійнымі вайскоўцамі
  • складалася зь Першага Слуцкага і Другога Грозаўскага палкоў
  • палкі, у сваю чаргу, складаліся з батальёнаў, а тыя з ротаў і т. д.,
  • што брыгада мела сваю стаўку,
    • штаб,
    • выведку,
    • контрвыведку
    • вайсковы суд (трыбунал),
    • гаспадарчую частку,
    • шпіталь,
    • вайсковую школу,
  • што баі працягваліся больш за месяц з захопам населеных пунктаў, іх здачай і наступным адваяваньнем у ходзе контрнаступаў, з выведнымі рэйдамі ў тыл праціўніка і т. д.,
  • што працягласьць фронту баявых сутыкненьняў з бальшавікамі складала 45 кілямэтраў,
  • што падчас баявых дзеяньняў праводзіліся вайсковыя парады, за якімі з трыбун назірала камандаваньне і дзяржаўныя дзеячы БНР,

То ўсе тыя падзеі былі ні чым іншым, як... беларуска-савецкай вайной 1920 году.

Гэтак у 100-ю гадавіну пачатку беларуска-савецкай вайны 1920 году я і прапаную яе называць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG