Расейскі кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея зацікаўленая ў заспакаеньні сытуацыі ў Беларусі і што спрыяць гэтаму будзе канстытуцыйная рэформа.
Пра гэта кіраўнікі МЗС Беларусі і Расеі заявілі 26 лістапада на прэс-канфэрэнцыі ў Менску паводле вынікаў сумеснага пасяджэньня, піша БелаПАН.
Што сказаў Макей?
Кіраўнік беларускай дыпляматыі зрабіў гэтую заяву ў кантэксьце адказу на пытаньне, як ён ставіцца да закліку свайго нямецкага калегі Гайка Мааса, які выказаўся аб задушэньні пратэстаў у Беларусі, выкарыстаць інструмэнтар Рады Эўропы ў дачыненьні да краін — ня сябраў Рады Эўропы.
«Калі яны хочуць задзейнічаць нейкія зьнешнія структуры для аказаньня пасярэдніцкіх намаганьняў, мы гатовыя вітаць гэта, але важна, каб гэта было шчыра, зацікаўлена і нацэлена на ўрэгуляваньне сытуацыі, а не на, скажам, рэалізацыю тых заяў, якія цяпер адбываюцца: на трансфэр улады, на адхіленьне дзейнага кіраўніцтва ад улады і гэтак далей. Мы катэгарычна супраць гэтага», — падкрэсьліў Макей.
Што сказаў Лаўроў?
Паводле слоў расійскага чыноўніка, на пасяджэньні бакі адзначылі «шматлікія факты грубага ўмяшаньня» ЗША і шэрагу эўрапейскіх краін «ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў». Лаўроў заявіў, што яны «працягваюць выкарыстоўваць брудныя мэтады так званых каляровых рэвалюцый, уключаючы маніпуляваньне грамадзкай думкай, стварэньне і падтрымку адкрыта антыўрадавых сіл, садзейнічаньне іх радыкалізацыі».
«Мы бачым, наколькі гэтыя мэтады прымяняюцца да Рэспублікі Беларусь», — сказаў Лаўроў.