Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт сёньня мае прыняць рэзалюцыю аб Беларусі і забойстве Рамана Бандарэнкі


Пленарнае пасяджэньне Эўрапарлямэнту, Брусэль, 16 верасьня 2020
Пленарнае пасяджэньне Эўрапарлямэнту, Брусэль, 16 верасьня 2020

Эўрапейскі парлямэнт на сваім пасяджэньні 26 лістапада плянуе прыняць рэзалюцыю ў сувязі зь няспыннымі парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі і, у прыватнасьці, з забойствам Рамана Бандарэнкі.

Супольны праект рэзалюцыі падпісалі прадстаўнікі ўсіх палітычных групаў Эўрапарлямэнту, апрача праварадыкальнай групы «Ідэнтычнасьць і дэмакратыя» і леварадыкальнай групы «Аб’яднаныя эўрапейскія левыя / Зялёныя левыя Поўначы».

У прапанаваным праекце рэзалюцыі, сярод іншага, сказана, што Эўрапарлямэнт

  • самым рашучым чынам асуджае забойства Рамана Бандарэнкі і выказвае спачуваньне яго сям’і і сем’ям усіх, хто страціў сваіх блізкіх у выніку рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі
  • патрабуе неадкладнага, стараннага, бесстароньняга і незалежнага расьсьледаваньня сьмерці Рамана Бандарэнкі і зьвязаных з пратэстамі сьмерцяў Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Арцёма Парукава, Генадзя Шутава і Канстанціна Шышмакова
  • не прызнае вынікаў так званых прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і выказвае сваю адназначную падтрымку народу Беларусі ў яго законных патрабаваньнях неадкладнага спыненьня аўтарытарных рэпрэсіяў, павагі да фундамэнтальных свабодаў і правоў чалавека, правядзеньня новых, свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі
  • заклікае ЭЗ падтрымаць міжнароднае расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі
  • падкрэсьлівае, што захады, ужытыя Эўразьвязам і яго краінамі-ўдзельніцамі супраць рэжыму Лукашэнкі, дагэтуль былі недастатковыя, і вітае рашэньне Эўрапейскай рады аб працы над трэцім пакетам санкцый, скіраваных супраць фірмаў і алігархаў, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі

Галасаваньне аб праекце рэзалюцыі чакаецца ў 18:30 паводле менскага часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG