Апошнія месяцы МУС і Сьледчы камітэт паведамляюць пра выпадкі блякаваньня руху чыгуначнага транспарту: на рэйкі хтосьці накладае мэталічны дрот, што вядзе да ўмяшаньня ў сыстэму сыгналізацыі.
У прыватнасьці, прэс-сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале паведаміла пра затрыманьне групы, датычнай да злачынстваў супраць грамадзкай бясьпекі.
Пра тое, як разьвіваецца справа, паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Што паведамілі МУС і Сьледчы камітэт
На некалькіх мужчын і жанчыну зь Берасьця (усім ад 26 да 38 гадоў) выйшлі апэратыўнікі крымінальнага вышуку абласной міліцыі. Усіх затрымалі 11 лістапада з дапамогай АМАПу.
Яны падазраюцца ў тым, што незаконна ўмяшаліся ў функцыянаваньне сыстэм, якія забясьпечваюць бясьпеку руху чыгуначнага транспарту, разьбілі шыбу ў «апорцы», падпалілі шыны на дарозе і разьвесілі ў Беларусі вялікія лялькі міліцыянтаў — пудзілы з надпісамі «АМАП», «мент» і «хлус». Пудзілы зьявіліся ў абласным цэнтры. Павесілі іх на дрэвах і агароджы пуцеправода «Заходні абход».
Таксама 29 кастрычніка на перагоне паблізу станцыі «Тэўлі» (Кобрынскі раён) заблякавалі мэталічным дротам аўтаматызаваную сыстэму кіраваньня і кантролю руху цягнікоў. Гэта выклікала затрымку саставаў і збой графіку руху.
Ноччу 8 і 9 лістапада затрыманыя, мяркуе сьледзтва, спачатку падпалілі на праезнай частцы аўтамабільныя пакрышкі, затым камянямі разьбілі шыбу ў гарадзкім апорным пункце аховы правапарадку.
24 лістапада была агучаная інфармацыя Сьледчага камітэту, што ў межах крымінальнай справы былі затрыманыя дзевяць чалавек, да пяці зь іх ужытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, двум выстаўленае абвінавачаньне па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства, учыненае паўторна, групай асоб).
Што вядома праваабаронцам?
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», 11 лістапада а 5 гадзіне раніцы да работніка чыгункі зь Берасьця Яўгена Комвуля прыйшлі зь ператрусам, падчас якога забралі грошы, кампутары, тэлефоны і флэшкі. Чыгуначніка першапачаткова затрымалі ў межах крымінальнай справы і даставілі ў Ленінскае РАУС.
Раніцай 12 лістапада супрацоўнікі міліцыі ў межах крымінальнай справы нібыта за псаваньне сыгналізацыі на чыгунцы прыйшлі зь ператрусам да Аляксандра Булыгі. У пастанове аб правядзеньні ператрусу няправільна было пазначана імя па бацьку, таму ператрус не правялі да выпраўленьня памылкі ў пастанове.
Самога Булыгу затрымалі на 72 гадзіны і зьмясьцілі ў ІЧУ Берасьця.
Праваабаронцам вядомая інфармацыя пра затрыманьне мужа і жонкі Сяргея і Вольгі Сіліч, інваліда па зроку і дыябэтыка. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны падазраюцца ў псаваньні чыгуначнай сыгналізацыі па ч. 1 арт 309 КК РБ. Сваякі паведамляюць, што затрыманых болей, мужчын б'юць, каб далі прызнальныя паказаньні.
Праваабаронцы паведамляюць:
«Затрыманьні адбываліся ў жорсткай форме: як расказалі сваякі, мінімум аднаму чалавеку выбілі ломам дзьверы ў кватэры і надзелі чорны мех на галаву, як мінімум траіх білі — людзі ў чорным падчас або пасьля затрыманьня. Аднаму з затрыманых давялося выклікаць хуткую дапамогу».