Амбасада Польшчы ў Маскве распаўсюдзіла ў аўторак вечарам заяву, у якой выказала «зьдзіўленьне» ідэяй некаторых дэпутатаў Дзяржаўнай думы Расеі перагледзець цяперашнюю афіцыйную пазыцыю краіны наконт расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні.
У заяве паведамляецца, што ў сярэдзіне лістапада ў Цьверскай вобласьці Расейскае ваенна-гістарычнае таварыства арганізавала канфэрэнцыю, прысьвечаную расейска-польскім адносінам. На ёй, як адзначае польскі бок, «прагучалі выказваньні, накіраваныя на непрызнаньне адказнасьці НКВД за Катынскае злачынства».
У амбасадзе Польшчы адзначылі, што мерапрыемства было ўхвалена афіцыйнымі прадстаўнікамі расейскай Дзярждумы, якія самі прымалі ўдзел у канфэрэнцыі і заявілі аб магчымым ануляваньні дакумэнту ад 26 лістапада 2010 году, у якім Расея пацьвердзіла адказнасьць СССР і Сталіна за масавае забойства палякаў. У прыватнасьці, дэпутат Думы Чэпа сказаў, што гатовы асабіста выступіць з ініцыятывай адмяніць дакумэнт.
Польскі дыплямат Лукаш Цудны, які падпісаў заяву польскага пасольства, падкрэсьліў, што «трэба засяродзіцца на абароне гістарычнай праўды пра Другую сусьветную вайну», а таксама «нагадваць пра адказнасьць НКВД» за расстрэл у Катыні.
Масавыя пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у навакольлях вёскі Меднае Цьверскай вобласьці знойдзеныя ў жніўні 1991 году. Гісторыкі і сьледчыя ўстанавілі, што сярод пахаваных целаў – парэшткі больш як 6 тысяч палонных польскіх вайскоўцаў, расстраляных вясной 1940 гады ў вёсцы Катынь Смаленскай вобласьці паводле сакрэтнага рашэньня ВКП(б) і Сталіна. Тады за два месяцы забілі амаль 22 тысячы палякаў.