Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам казалі: не падабаецца — звальняйцеся». Журналістка дзяржаўнага радыё пра атмасфэру перад выбарамі і новую працу


Радыё Wnet
Радыё Wnet

Вольга Сямашка амаль 20 гадоў працавала на Беларускім радыё, большую частку зь іх — у прэм’ерскім пуле Службы інфармацыі на Першым канале. Але пасьля выбараў звольнілася і зьехала ва Ўкраіну.

Цяпер Вольга працуе ў Кіеве, у беларускай рэдакцыі польскага камэрцыйнага радыё Wnet. У інтэрвію Свабодзе журналістка расказала пра атмасфэру, у якой давялося працаваць у Менску да і пасьля выбараў, праблемы зь легалізацыяй ва Ўкраіне і пра свае далейшыя пляны.

Вольга Сямашка на адной з акцый салідарнасьці ў Кіеве (з асабістага архіву журналісткі)
Вольга Сямашка на адной з акцый салідарнасьці ў Кіеве (з асабістага архіву журналісткі)

Звальненьні зь дзяржаўнага радыё пачаліся ў чэрвені

«У жніўні Радыё „Сталіца“ звольнілася амаль усім калектывам, але і ў нас шмат людзей сышло. Вядома ж, з палітычных прычын. Пачаліся звальненьні яшчэ да выбараў, бо дзесьці ў чэрвені нам сказалі: хто ня згодны з палітыкай дзейнай улады, паколькі радыё дзяржаўнае, то можаце сыходзіць, і вас ніхто не трымае.

Адзін з этэраў новага польскага радыйнага праекту для Беларусі
Адзін з этэраў новага польскага радыйнага праекту для Беларусі

Усе хваляваньні пачаліся пасьля таго, як Віктара Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты. Людзі пачалі адмаўляцца працаваць, спачатку ня так масава, а потым за пару тыдняў да выбараў ужо больш, і зусім масава — пасьля выбараў.

Я працавала ў Службе інфармацыі. І ў нас звальняліся ня толькі карэспандэнты, але і супрацоўнікі тэхнічных службаў. Нашы гукарэжысэры абвясьцілі страйк. Я спрабавала падлічыць, колькі людзей сышло, але цяжка сказаць. Бо былі людзі, якія афішавалі свой сыход. А калі ты сам звольніўся, то ўжо і ня ведаеш, хто быў наступны».

Чаму радыё не «ўзмацнілі» расейцамі

«Замяніць нас расейцамі было немагчыма, бо Беларускае радыё і радыё „Сталіца“ вяшчаюць па-беларуску, а расейцы па-беларуску не гавораць. Засталіся тыя, хто раней працаваў, але колькі новых прыйшло, я ня ведаю. Бо звычайна ў нас папаўненьне ідзе ў жніўні, калі студэнты пачынаюць прыходзіць. Але, мяркуючы па тым, хто вядзе цяпер эфіры, новых асобаў я не заўважыла. Зь пяці карэспандэнтаў прэзыдэнцкага пулу таксама сышоў адзін чалавек».

Сілавікі помсьцілі журналістам зь дзяржаўных СМІ

«Пасьля выбараў, гвалту, калі сталі хапаць калег, пачаліся звальненьні, забастоўкі, практычна ўсе дзяржаўныя журналісты падпісалі зварот на імя міністра інфармацыі.

На мой погляд, у сілавікоў гэта выклікала разгубленасьць, бо гэта было масава і адразу на ўсіх скіраваць сваю ўвагу было немагчыма. А вось калі прайшло некалькі месяцаў, ужо сталі ўсіх вылічваць, хапаць, адпраўляць на суткі. Пачалася такая помста журналістам, якія засталіся. І ў мяне былі апасеньні. Таму і зьявіліся думкі, што трэба зьяжджаць.

Потым абставіны склаліся так, што майму мужу, які працуе ў ІТ-сфэры, прапанавалі пераехаць у Кіеў. І мы прыехалі сюды ў першы тыдзень верасьня».

Праца ў Кіеве

«Ужо ў Кіеве прачытала ў мясцовай беларускай суполцы, што адкрываецца беларускі праект польскага радыё Wnet і патрабуюцца беларускамоўныя журналісты, якія разьбіраюцца ў грамадзка-палітычным кантэксьце. Наколькі гэта сталы праект — пабачым. Цяпер цяжка яго ацэньваць».

У кіеўскай студыі беларускага радыё Wnet з польскім калегам Паўлам Бабаловічам
У кіеўскай студыі беларускага радыё Wnet з польскім калегам Паўлам Бабаловічам

...і складанасьці легалізацыі

«Але на наступным тыдні мы зьяжджаем у Варшаву, і я буду працаваць ужо ў варшаўскай камандзе гэтага праекту. Зьяжджаем, бо ў нас на наступным тыдні сканчаецца 90-дзённы тэрмін легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне, гэта праблема для беларусаў. Мы ўжо атрымалі польскія гуманітарныя візы.

Вядома ж, былі думкі легалізавацца ва Ўкраіне, але мы паглядзелі, палічылі і вырашылі, што Варшава цікавейшая. Тым больш што ва Ўкраіне пакуль не спрасьцілі легалізацыю для беларусаў. Зяленскі падпісаў указ пра 180 дзён знаходжаньня, але ўсе падзаконныя акты, якія прымаюцца на ўзроўні ўраду і іншых ведамстваў, пакуль не распрацаваныя, і незразумела, як яны будуць працаваць.

Беларуская каманда радыё Wnet
Беларуская каманда радыё Wnet

Ва Ўкраіне плянуюць стварыць свой аналяг беларускага Парку высокіх тэхналёгій, але пакуль ён не працуе. Таму нават з пункту гледжаньня падаткаў працаваць ва Ўкраіне нявыгадна. Няма спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня і зразумелага працаўладкаваньня, бо ўсе ўкраінскія айцішнікі працуюць як фізычныя асобы-прадпрымальнікі».

Пра звольненых калег

«Мае калегі — людзі высокапрафэсійныя, і мне вельмі хацелася б, каб яны знайшлі сваю працу. Ведаю, што некаторыя з тых, хто звольніўся, пераехалі ў Варшаву, іншыя — перайшлі ў незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Ня чула, каб нехта вярнуўся.

Апошнія месяцы, калі яшчэ не пачаўся каранавірус, нават у прафэсійным пляне панавала такая атмасфэра безнадзеі і суму, працаваць было нецікава, а цяпер такі рух пайшоў. Не шкадую ні пра што. Жыцьцё стала цікавейшае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG