Падзеі 24 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
24 лістапада 1996 году адбыўся рэфэрэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам дзеля ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю. На рэфэрэндуме таксама падымаліся пытаньні аб прыватнай уласнасьці на зямлю і пра перанос Дня Незалежнасьці на 3 ліпеня.
Таксама ў гэты дзень
1729 — у Пінску ордэн езуітаў заснаваў друкарню.
1793 — падчас Вялікай францускай рэвалюцыі «Марсэльеза» была выбраная гімнам Францыі.
1859 — выйшла ў сьвет кніга Чарльза Дарвіна «Аб паходжаньні відаў» з выкладаньнем тэорыі эвалюцыі жывёльнага сьвету
1934 — прэзыдэнту Турэччыны Мустафу Кемаль-пашу быў нададзены ганаровы тытул «Атацюрк» («бацька туркаў»).
1963 — у будынку паліцыі Даласу забілі Лі Гарві Освальда, меркаванага забойцу Джона Кенэдзі.
1997 — уладамі была закрытая газэта «Свабода». Першы нумар яе выйшаў 25 сакавіка 1990 году, у гадавіну ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдакцыя выданьня стаяла на нацыянальна-дэмакратычных пазыцыях, крытычна ставілася да асобы Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў.
2011 — вынесьлі прысуд Алесю Бяляцкаму, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна». Бяляцкі атрымаў 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні прыбыткаў з-за мяжы. Бяляцкі сваёй віны не прызнаў і тлумачыў суду, што атрыманыя грошы ішлі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій. Асуджанага вызвалілі ў чэрвені 2014 году.
У гэты дзень нарадзіліся
1714 — Тамаш Жаброўскі, беларускі архітэктар.
1916 — Георгі Бенядыктаў, заслужаны архітэктар БССР. Асноўныя працы Бенядзіктава ў Менску: будынак Белдзяржфілярмоніі, Палац культуры Мінскага трактарнага заводу, стары будынак музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
1943 — Віктар Сідзяк, беларускі фэхтавальшчык, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Мэхіка і Мюнхэне, пяціразовы чэмпіён сьвету.
У памяці
1943 – загінуў Мікалай Азбукін, беларускі географ і дзяяч беларускага нацыянальнага руху. У сваёй кнізе «Геаграфія Эўропы» Азбукін трактаваў Беларусь як «самадастатковую краіну». Перасьледаваўся НКВД у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Імаверна быў расстраляны нібыта за спробу перайсьці мяжу на поўдні СССР.
1991 — памёр Фрэдзі Мэрк’юры, брытанскі сьпявак, саліст гурту Queen. За дзень да сьмерці музыка пацьвердзіў чуткі пра сваё захворваньне на СНІД.