Сотні жалобнікаў сабраліся 22 лістапада на пахаваньні патрыярха Ірынея, кіраўніка Сэрбскай праваслаўнай царквы, які памёр ва ўзросьце 90 гадоў пасьля захворваньня на COVID-19, паведамляе Reuters.
У царкву Сьвятога Савы былі дапушчаныя толькі сваякі Ірынея, духавенства і высокія дзяржаўныя асобы, у тым ліку прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч. Іншыя жалобнікі назіралі за пахавальнымі абрадамі на вялікіх экранах звонку.
Большасьць прадстаўнікоў духавенства, якія выконвалі пахавальныя абрады ў царкве, былі бяз масак, адзначае агенцтва. Аднак многія вернікі, якія сабраліся на вуліцы, былі ў масках і імкнуліся захоўваць дыстанцыю адзін ад аднаго.
Патрыярх Ірыней паказаў станоўчы тэст на каранавірус 4 лістапада, памёр 20 лістапада.
Патрыярх Ірыней прысутнічаў на пахаваньні 1 лістапада мітрапаліта Амфілахія з Сэрбскай праваслаўнай царквы ў Чарнагорыі, які таксама памёр ад COVID-19. Невядома, ці Ірыней заразіўся вірусам там, але на гэтым пахаваньні ён некалькі гадзін знаходзіўся ў памяшканьні сярод натоўпу людзей, большасьць зь якіх не насіла масак.
Як і ў іншых эўрапейскіх краінах, у Сэрбіі за апошнія тыдні адбыўся ўсплёск выпадкаў захворваньня на каранавірус. Урад краіны 21 лістапада ўзмацніў абмежаваньні ў сувязі з каранавірусам, напрыклад, абмежаваў правядзеньня сходаў да пяці чалавек з наступнага тыдня.
Улады, аднак, не жадаюць ужываць строгія абмежаваньні да ўплывовай Сэрбскай праваслаўнай царквы, якая налічвае каля 12 мільёнаў вернікаў, у асноўным у Сэрбіі, Чарнагорыі і Босьніі.
На сёньняшні дзень у Сэрбіі, дзе пражывае каля сямі мільёнаў чалавек, зарэгістравана 116 125 выпадкаў заражэньня COVID-19 і 1168 сьмерцяў.