21 лістапада адразу некалькі менскіх дваровых чатаў зьмянілі сваю аватарку на дзяржаўны сьцяг ці герб — у папярэдніх выпадках гэта служыла прыкметай, што чат перайшоў пад кантроль невядомых, паведамляе Tut.by.
Так, дваровы чат «Малінаўка 007» рэзка зьмяніў тэматыку (там зьявіліся рэпосты з праўладнага тэлеграм-каналу «Желтые сливы») і фота на аватарцы — зараз там чырвона-зялёны сьцяг. Яшчэ тры дваровыя чаты — «Малінаўка 1», «Малінаўка 8-9» і «Слабадзкая 111» — зьмянілі аватарку на аднолькавыя выявы дзяржаўнага герба.
Нядаўна быў затрыманы адміністратар тэлеграм-каналу «Белыя халаты» і жыхарка Менску, якая, па словах прэс-службы МУС, адміністравала пяць каналаў («Беларусь галаўнога мозгу» заяўляе, што яна ніколі не была іх адміністратарам). 10 лістапада былі ўзламаныя два менскія дваровыя чаты і адзін тэлеграм-канал.
12 лістапада невядомыя атрымалі доступ да тэлеграм-каналу @MikolaDziadok, які вёў Мікалай Дзядок — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч анархісцкіх поглядаў, пазьней стала вядома, што Мікалай затрыманы. У той жа дзень зьмянілася тэматыка і фота чата «Брылевічы 97%», нагадвае Tut.by.