Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я чытаў „Яўгена Анегіна“ каля парашы». Актор Аляксандар Ждановіч расказвае пра свае «суткі»


Аляксандар Ждановіч
Аляксандар Ждановіч

Актор менскага тэатру імя Горкага Аляксандар Ждановіч, вядомы мільёнам беларусаў як Маляваныч з тэлеперадачы «Калыханка», выйшаў на волю пасьля 9 сутак арышту, якія ён адбыў у ІЧУ ў Жодзіне.

Яго затрымалі 8 лістапада, падчас нядзельнага маршу на праспэкце Пераможцаў.

«Я ішоў зь сябрам па вуліцы ў бок кінатэатру «Масква» з крыжам у руках, вакол усё было ў АМАПе. Да мяне падышоў амапавец і пытаецца:"Што вы тут робіце?" Я кажу, што малюся за вас, каб вы ня крыўдзілі народ. «Мы нікога ня крыўдзім», — сказаў ён, і я пайшоў далей. Там амапавец размаўляў з жанчынамі на падвышаных тонах, крычаў на жанчыну. Я падышоў бліжэй і папрасіў не крычаць на жанчыну. Пасьля гэтага ён схапіў мяне за каўнер і пацягнуў. А жанчыны пачалі крычаць: «Схапілі бацюшку!». На гэта амапавец сказаў: «Бацюшку, матушку»«, — кажа Аляксандар.

Ждановіча завялі ў «стакан» у аўтазаку, дзе ўжо быў адзін затрыманы, іх павезьлі ў Партызанскі РУУС. Аляксандар кажа, што яго ня білі і нават дазволілі некалькі разоў патэлефанаваць сваякам. Затрыманых, а іх было каля ста чалавек, прывялі ў падвальнае памяшканьне, а бліжэй да ночы ў аўтазаку, у суправаджэньні «людзей у чорным», адвезьлі ў турму ў Жодзіна. Аднаго хлопца зь перабітым носам забрала хуткая.

Менск, 8 лістапада
Менск, 8 лістапада

«У нас была 34-я камэра, 16 чалавек на 8 мэталічных шконак, на якіх не было матрацаў. Ляжаць на іх было непрыемна. Ежы наогул не давалі, кінулі два боханы хлеба. Мы чакалі, што будуць суды, але ў панядзелак нічога не было».

Працэс над Аляксандрам Ждановічам прайшоў на наступны дзень. Актор кажа, што зь ім размаўлялі пяць хвілін праз скайп. У пратаколе было напісана, што ён хадзіў і выкрыкваў лёзунгі. Аляксандар напісаў, што ня згодны з гэтымі абвінавачаньнямі, але яму прысудзілі 9 сутак.

«Потым у камэры было 13 чалавек, далі вату (матрацы). Гэта была выдатная кампанія, цудоўныя мужыкі. У мяне такое адчуваньне, што існуюць дзьве Беларусі: тыя, хто за межамі камэры, і тыя, хто ўнутры. Унутры была абсалютная гармонія. Розныя людзі, ад дырэктара ІТ-кампаніі да гаспадара СТА, усе аднадушныя ў бачаньні сытуацыі. Я ім чытаў „Яўгена Анегіна“ каля парашы, О. Генры. Гэта ўсе добра заходзіла».

Аляксандар кажа, што ў сераду паступілі перадачы, якіх яны чакалі. Але іх выдалі толькі ў ноч з чацьвярга на пятніцу. А каб іх перадаць, сваякі стаялі каля пяці гадзін, бо былі вялікія чэргі.

«Гэта, канечне, быў падарунак, параўнальна з баландай, якую мы атрымлівалі і за якую я сёньня заплаціў 135 рублёў, за ўтрыманьне ў ІЧУ, — кажа Аляксандар. — Там жа сьвятло не выключаецца цягам сутак. Месцаў не хапала, і па чарзе нехта спаў на стале. Але там вісела лямпа, і было дыскамфортна. І ў перадачы была цёмная маска для вачэй, гэта было проста ў тэму. Перадалі кнігу Бродзкага, якую перачытаў, нешта вучыў на памяць. Літаратуры не хапала, а калі я спытаў, ці ёсьць бібліятэка, яны адказалі, што гэта вы чытаць ня будзеце, гэта бібліятэка для малалетніх».

Аляксандар кажа, што пабачыў «тупое хамства» некаторых супрацоўнікаў ІЧУ. На шпацыры цягам дзевяці сутак не выводзілі.

«Я думаю, у нас няма „праваахоўных“ органаў, ёсьць „правапарушальныя“. У першую ноч, калі мы падазравалі, што ў хлопца была зламаная рука, яна апухла, і яны нікога не выклікалі. Сказалі, што прыйдзе фэльчар, але ён так і не зьявіўся. Да нас даходзіла, што ў іншых камэрах былі праблемы зь лекамі, чалавеку стала дрэнна, і на яго асабліва не рэагавалі, — кажа Аляксандар. — Вельмі было прыемна, калі жанчыны сьпявалі ў камэрах „Разбуры турмы муры“, „Купалінку“, „Рэчаньку“. І мы спрабавалі сьпяваць».

Паводле Аляксандра Ждановіча, вопыт арышту толькі загартоўвае і робіць людзей мацнейшымі.

«Час там цягнецца марудна, але калі я выйшаў, гэта ўсё здаецца нейкім адным эпізодам. З горыччу, канечне, думаю пра людзей, якія там незаслужана сядзяць месяцамі, як Калесьнікава, Статкевіч, Ціханоўскі і іншыя».

Менск, 8 лістапада
Менск, 8 лістапада

Аляксандар Ждановіч з удзячнасьцю кажа пра валянтэраў, сярод якіх ёсьць яго знаёмыя. А калі ён выходзіў на волю, яго сустракалі сын, стрыечная сястра і пляменьніца.

«І калі мяне ля ІЧУ сустрэла вялікая група актораў з нашага тэатру, гэта было вельмі прыемна. На сутках няма ніякай крыніцы інфармацыі, невядома, што адбываецца. Цяпер мяне чакае шмат навінаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG