Выкладчык Белдзяржунівэрсытэту дацэнт Ягор Прыстаўка паведаміў, што зь ім не падоўжылі кантракт і празь месяц ён будзе беспрацоўным. Ягор Прыстаўка лічыць, што ягонае звальненьне палітычна матываванае. Раней разам з 50 выкладчыкамі ён запісаў відэазварот «Унівэрсытэт — тэрыторыя свабоды».
Ягор Прыстаўка расказаў Свабодзе, што ягоны пяцігадовы кантракт павінен скончыцца 15 сьнежня. За месяц выкладчыка павінны папярэдзіць, ці будуць яго працягваць.
«Мяне выклікалі на размову ў рэктарат 13 лістапада і там далі на подпіс паперу, што са мной не працягваюць кантракт. 30 дзён я яшчэ працую, а далей невядома што. Яны ніякіх прычын не тлумачылі, са мной нават ніхто не пагаварыў, далі паперу — і ўсё. Калі я хацеў сфатаграфаваць гэты дакумэнт, мне сказалі, што гэта забаронена, маўляў, празь некалькі дзён я змагу зьвярнуцца ў канцылярыю па копію».
Ягор Прыстаўка кажа, што на падставе калектыўнай дамовы мае права патрабаваць абгрунтаваньня. Неафіцыйна яму стала вядома: прычына ў тым, што, маўляў, не хапае гадзінаў.
«Але гэта дзіўнае абгрунтаваньне, каб сярод году, сярод сэмэстру (а ў мяне ёсьць нагрузка на наступны сэмэстар) не працягнуць кантракт. Некалькі тыдняў таму я праходзіў конкурс на пасаду дацэнта, і абсалютная бальшыня рады факультэту падтрымала маю кандыдатуру. То бок у той момант нагрузка была і ўсё было ў парадку, і раптам яна скончылася. Гэта вельмі дзіўна. Загадчыца катэдры была зьдзіўленая і занепакоеная, ёй ніхто нічога не сказаў».
Ягор Прыстаўка адкрыта выказваўся пра падзеі ў краіне, супраць гвалту і фальсыфікацый на выбарах, браў удзел у відэазвароце 50 выкладчыкаў БДУ пра сытуацыю ва ўнівэрсытэтах Беларусі. Ён заступіўся за студэнтак, калі іх за збор подпісаў у дворыку філфаку арыштавалі і асудзілі. Ягор Прыстаўка выказаў салідарнасьць з выкладчыцай МГЛУ Натальляй Дулінай, якая адбыла 14 дзён арышту за ўдзел у пікеце 26 кастрычніка.
«Я разумеў, што мая пазыцыя небясьпечная, але для мяне было больш важным яе выказаць, а не маўчаць і сядзець ціха. Хаця раней з адміністрацыі мяне нефармальна прасілі не выказвацца, не пісаць у фэйсбуку пра бягучыя падзеі».
Больш за 800 студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў БДУ ўжо падпісаліся пад зваротам да рэктара, каб Ягора Прыстаўку не звальнялі. Яны сьцьвярджаюць, што Прыстаўка — «унікальны спэцыяліст, якіх ва ўсёй Беларусі ня больш за дзясятак, паколькі яго спэцыяльнасьць — клясычная філялёгія — вельмі рэдкая».
Ягор Прыстаўка — адзіны выкладчык, які чытае лекцыі па лацінамоўнай літаратуры Беларусі, ён ужо 15 гадоў выкладае антычную літаратуру, антычную мэтрыку і рыторыку, старажытнагрэцкую і лацінскую мовы. Ён ня мае ніякіх спагнаньняў.
«Я вельмі хачу працаваць па сваёй спэцыяльнасьці, калі будзе такая магчымасьць у Беларусі. Вядома, я хацеў бы застацца ў прафэсіі. Цяпер паступаюць прапановы з розных сфэраў, будзе відаць, — кажа Ягор Прыстаўка. — Кожны адкажа за свае ўчынкі і за свае словы і перад Богам, і перад людзьмі. Гэта палітычны ціск. Я ведаю, што шмат выкладчыкаў, у тым ліку з БДУ, салідарныя з намі, але знаходзяцца ў складанай сытуацыі. Яны любяць сваю працу, хочуць дапамагаць і падтрымліваць студэнтаў, але на іх ціснуць пагрозамі аб звальненьні і іншым».
Ягор Прыстаўка — шматдзетны бацька, мае траіх непаўналетніх дзяцей. Ён кажа, што і сваякі, і знаёмыя дзякуюць яму за сумленную пазыцыю.
«Сярод маіх блізкіх усе добра разумеюць сытуацыю і падтрымліваюць мяне».