Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Дзядок заявіў, што яго моцна зьбілі пры затрыманьні, адвакат патрабуе судова-мэдычнай экспэртызы


Мікола Дзядок.
Мікола Дзядок.

Міколу Дзядка, блогера, анархіста і палітычнага аналітыка, якога затрымалі 12 лістапада, прызналі падазраваным па крымінальнай справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Ён у турме на Акрэсьціна, сёньня яго дапытвалі з удзелам адваката.

Пра гэта Свабодзе паведаміў бацька арыштаванага Аляксандар Дзядок.

Паводле ягоных словаў, адвакатка заявіла сьледчаму хадайніцтва, каб правесьці мэдычны агляд свайго падабароннага, бо пабачыла на ім цялесныя пашкоджаньні, а таксама хадайнічала, каб правялі судова-мэдычную экспэртызу. Само відэа, апублікаванае МУС, сьведчыць аб пабоях, кажа Аляксандар Дзядок.

«Яго зьбілі самым жорсткім чынам, ён быў пад узьдзеяньнем моцнага гвалту, якім яны прымусілі яго казаць усякае глупства. Цяжка сказаць, наколькі гэтае зьбіцьцё пагражае стану ягонага здароўя, бо адвакат ня лекар, яна ўбачыла сьляды пабояў толькі на твары, больш яго ніхто не аглядаў. Пры гэтым ён сам сказаў адвакату, што яго моцна зьбілі».

Аляксандар Дзядок не выключае, што сам будзе падаваць скаргу на зьбіцьцё сына пры затрыманьні, але сумняецца, што гэта нешта дасьць:

«У нашай краіне ніякіх легальных спосабаў дамагчыся праўды няма, усе чулі фразу „Не да закону“, якая прагучала на самым версе».

«Яны нахабныя злачынцы, якія дазваляюць сабе ўсё, што магчыма, паколькі ім гэта дазволена і ўказана зьверху. Апрача таго, я перакананы, што гэтае відэа зроблена з прапагандысцкімі мэтамі, каб запалохаць іншых людзей і падавіць самога Мікалая, чалавека высокаадукаванага, які прафэсійна займаецца паліталёгіяй, блогера і журналіста. Які гаварыў адкрыта і сумленна аб тым, што адбываецца. Такім чынам яму хацелі заткнуць рот і прынізіць».

Абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў бацька Дзядка лічыць абсурднымі:

«Ні ў якіх арганізацыях ён ня ўдзельнічаў, ня браў удзелу ў падрыхтоўцы масавых акцый, гэта спробы прыцягнуць за вушы... Але тыя, хто яго затрымаў, здольныя на любую хлусьню і фальсыфікацыі».

Тэлеграм-канал Міністэрства ўнутраных спраў 12 лістапада паведаміў, што супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй затрымалі 32-гадовага Міколу Дзядка.

У паведамленьні гаворыцца, што ў сваім тэлеграм-канале ён «публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і сілавых акцый „прамога дзеяньня“». Дзядок падазраецца па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў.

На відэа, якое распаўсюдзіла МУС, Мікола Дзядок выглядае моцна зьбітым, на твары ў яго пашкоджаньні.

У 2010 годзе Мікола Дзядок быў затрыманы ў справе аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі. У зьняволеньні ён быў амаль пяць гадоў – ад верасьня 2010 да жніўня 2015-га. Пасьля вызваленьня жыў у Менску, Вільні, Коўне. Аднавіўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і скончыў навучаньне па праграме «Міжнародная палітыка і эканоміка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG