Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску і іншых гарадах Беларусі ўшанавалі памяць загінулага Рамана Бандарэнкі. ФОТА і ВІДЭА


Чытачы Свабоды дзеляцца здымкамі акцый памяці памерлага пасьля інцыдэнту зь невядомымі Рамана Бандарэнкі.

Пасьля інцыдэнту ў двары на «плошчы Перамен» у Менску, калі малады чалавек абараняў бел-чырвона-белыя стужкі, яго схапілі і завезлі ў Цэнтральнае РУУС Менску, а пасьля ў амаль непрытомным стане ў лякарню хуткай дапамогі.

У шпіталі 12 лістапада моцна пабіты Бандарэнка, не прыходзячы ў прытомнасьць, памёр. Сёньня а 12-й заклікалі ўшанаваць памяць ахвяры.

Хвіліна маўчаньня на«плошчы Перамен» у Менску

Па ўсім Менску праходзяць ланцугі памяці аб памерлым ад зьбіцьця Рамане Бандарэнку. Людзі выйшлі на праспэкт Незалежнасьці, у Малінаўцы, ва Ўруччы, Сухараве, ля ўнівэрсаму «Рыга» і іншых месцах, паведамляе «Наша ніва».​

Праходзяць пікеты ў Горадні, Магілёве, Заслаўі і іншых гарадах. Машыны на вуліцах сыгналяць. На МКАДзе ў раёне Парку высокіх тэхналёгій падчас хвіліны маўчаньня спыніліся тры паласы.

У Менску каля ГЦ «Рыга» сілавікі разагналі людзей.

У Магілёве ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі

Ля катэдральнага праваслаўнага сабору ў гонар Трох Сьвяціцеляў апоўдні сабраліся больш за 100 чалавек, якія ўшанавалі памяць Бандарэнкі хвілінай маўчаньня. З прынесеных кветак, сьвечак, бел-чырвона-белых стужак яны ўтварылі мэмарыял.

Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Магілёве. 13 лістапада.
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Магілёве. 13 лістапада.

Настаяцель сьвятыні ня быў супраць таго, каб уваход на тэрыторыю храма стаў памінальным месцам. Прыкладна праз паўгадзіны, як пачалася памінальная імпрэза, да царквы прыехалі зь дзясятак амапаўцаў. Ад людзей запатрабавалі пакінуць ходнік, бо яны, паводле міліцыянтаў, перашкаджаюць мінакам.

Тым, хто прыйшоў ушанаваць памяць загінулага, прапаноўвалася гэта зрабіць у царкве. Мэмарыялу міліцыянты не краналі. Пакрысе грамада разышлася. Ля царквы выставілі ачапленьне.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG