У судзе Слуцкага раёну вынесьлі прысуд Раману Караневічу за супраціў і нанясеньне цялесных пашкоджаньняў міліцыянту. Маці Рамана, калі пачула вырак, страціла прытомнасьць, паведамляе «Новы час».
Рамана Караневіча затрымалі 10 жніўня пасьля мірнага пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. Пры затрыманьні яму пашкодзілі хрыбетнік, зьвязкі галёнкаступнёвага сустава. Лекары таксама дыягнаставалі параарбітальную гематому і гематому верхняга павека. Хлопец ня мог сам уставаць, зь цяжкасьцю рухаўся, і маці нават прыйшлося аднесьці адмысловы гарсэт для хрыбта ў міліцэйскі ізалятар.
З абвінавачаньня вынікае, што 10 жніўня пасьля 21:00 Раман Караневіч у стане алькагольнага ап’яненьня знаходзіўся ў грамадзкім месцы — на вуліцы Сафіі каля рэчкі Случ. У гэты час там прагучаў вокліч «Жыве Беларусь». Міліцыянт з напарнікам кінуліся «на ліквідацыю грамадзкага непарадаку». Убачылі траіх чалавек, пры іхнім набліжэньні адзін уцёк.
Калі міліцыянт Іван Ганчарэвіч складаў пратакол, Караневіч кінуўся наўцёкі, а пасьля ўдарыў яго каменем па цемі.
Адвакат знайшоў нестыкоўкі ў справе:
- Артыкул 363 прадугледжвае, што супрацоўнік міліцыі павінен выконваць свае абавязкі ў ахове грамадзкага парадку. І пры гэтым над ім павінны быць зьдзейсьненыя супрацьпраўныя дзеяньні. Дзеяньні супрацоўніка міліцыі не насілі законнага характару, і, адпаведна, іх нельга аднесьці да дзеяньняў у ахове грамадзкага парадку.
- Немагчыма згадзіцца з абвінавачваньнем Караневіча ў супрацьпраўных дзеяньнях, бо такія дзеяньні праглядаюцца ў саміх супрацоўнікаў РАУС, і яны далі паказаньні супраць Караневіча, каб самім пазьбегнуць адказнасьці. У той час як абавязак праваахоўнікаў — ахоўваць грамадзян.
- Не было саміх падстаў для затрыманьня Караневіча, супраць яго не было складзена нават ніводнага пратакола аб хуліганстве альбо алькагольным ап’яненьні ці іншым парушэньні грамадзкага парадку. Ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў Караневіч да сустрэчы зь міліцыянтамі ня зьдзейсьніў.
- Не даказана і не ўстаноўлена, якім чынам былі атрыманы сінякі на грудзіне і перадплеччы — магчыма, у іншым месцы. Сумненьне выклікае і прычына траўмы галавы, бо нават яго напарнік фактычна пацьвердзіў паказаньні Караневіча. Калі Ганчарэвіч падаў, даганяючы Караневіча, і атрымаў садно, то Караневіч гэтага не хацеў і ў гэтым не вінаваты. Ударыць жа каменем на блізкай адлегласьці па цемі Караневіч ня мог, паколькі ён значна ніжэйшы ростам за Ганчарэвіча і ня змог бы фізычна да гэтага месца дацягнуцца.
- Пратакол агляду месца здарэньня каля рэчкі і пратакол допыту Ганчарэвіча супадаюць па часе і сьведчаць, што Ганчарэвіч быў адразу ў двух месцах.
- Агляд месца здарэньня праводзіўся 10 жніўня з удзелам пацярпелага ў 22:40, не было выяўлена камянёў ці іншых прадметаў, якімі магло быць нанесена цялеснае пашкоджаньне.
- Крымінальная справа была заведзена раней, чым у міліцыі было зарэгістравана само здарэньне, і раней, чым зь лякарні прыйшло паведамленьне аб цялесным пашкоджаньні Ганчарэвіча. Пратакол жа затрыманьня быў аформлены толькі каля дзьвюх гадзін ночы.
- Фактычна Раман Караневіч вінаваты толькі ў тым, што не хацеў быць затрыманым міліцыяй, што спужаўся і ўцякаў.
Абаронца прасіў суд апраўдаць абвінавачанага.
Раман Караневіч у сваім апошнім слове заявіў:
«Я прызнаю, што ўцякаў, што ня трэба было ўцякаць. Але я спужаўся і не хацеў быць затрыманым. Хацеў дамоў. У тым, у чым мяне абвінавачваюць, я не вінаваты. Я ня біў супрацоўніка міліцыі».
Судзьдзя Аляксандар Шутко прысудзіў Раману Караневічу 3 гады калёніі агульнага рэжыму.
Пасьля вынясеньня прысуду маці Рамана страціла прытомнасьць.
На 3 гады асудзілі гамельчука, затрыманага ў дзень выбараў
12 лістапада гэткі ж прысуд — тры гады калёніі — вынесьлі гамельчуку, які вечарам 9 жнўіня распыліў пярцовы газ з балёнчыка ў міліцыянтаў, «каб перашкодзіць законнай дзейнасьці па ахове грамадзкага парадку», паведаміў Сьледчы камітэт.